Казахстан. Жанаазен пераймянуюць

Такое ўражанне, што ўлады Казахстана вырашылі цалкам замесці сляды злачынства ў Жанаазене ў снежні мінулага года.



293883.jpg

Гэты горад стаў шырока вядомы за межамі Казахстана пасля таго, як улады ўжылі агнястрэльную зброю для спынення страйку нафтавікоў. У Жанаазене загінулі 17 чалавек і звыш ста былі параненыя. І вось цяпер, напярэдадні гадавіны той трагедыі, у Астане нечакана ўзнікла ідэя перайменаваць горад. 27 кастрычніка з такой ініцыятывай выступілі мясцовыя аксакалы. Яны лічаць, што горад лепш называць Бекет-ата. Так называецца тутэйшая старажытная мячэць — гістарычны помнік і месца паломніцтва. Па легендах, у ХVІІІ стагоддзі ў горадзе жыў вяшчун і багаслоў Бекет-ата. Улады ідэю падтрымалі, паколькі новая назва горада, на іх думку, «дадаткова паўплывае на духоўны рост гарадской моладзі». На думку ж грамадскасці, прапанова мае пад сабой палітычную падаплёку. У Казахстане шмат гарадоў, дзе калісьці жылі вядомыя святары. Аднак у іх гонар ніхто гарады не называе.


Паводле казахскай прэсы