Клічко: «Дзве ночы гарыць цэнтр Кіева, а прэзідэнт не заўважае гэтага»

Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Клюеў заявіў аб выхадзе лідэра партыі «УДАР» Віталя Клічко з перамоўнага працэсу з уладай па ўрэгуляванні крызісу ў краіне.



kliczko_yanukovicz.jpg

Пра гэта ён паведаміў на брыфінгу ў аўторак.
«Канструктыўнай размовы не адбылося. Клічко пачаў заяўляць, што выходзіць з перамоўнага працэсу», - паведаміў Клюеў.
Сакратар СНБА заклікаў Клічко вярнуцца ў працэс кансультацый і перагавораў.
Як вядома, у аўторак у Адміністрацыі прэзідэнта праходзіла пасяджэнне рабочай групы па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне пад кіраўніцтвам Клюева, аднак без кіраўніка дзяржавы.
Януковіч, па дадзеных прэс-службы, у гэты ж час праводзіў сустрэчу з прэм'ерам Мікалаем Азаравым і першым віцэ-прэм'ерам Сяргеем Арбузавым па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Клічко прыйшоў на Банкавую з намерам сустрэцца з Януковічам «каб патрабаваць спыніць эскалацыю гвалту і пачаць рабіць крокі да ўрэгулявання вострага палітычнага крызісу», аднак не змог трапіць да прэзідэнта.
У сваю чаргу Віталь Клічко заявіў пад Адміністрацыяй прэзідэнта, што ўлады не хочуць мірна вырашаць напружаную сітуацыю ў цэнтры сталіцы і толькі нагнятаюць напружанне. 
«Я тэрмінова прыйшоў да Януковіча, каб патрабаваць спыніць эскалацыю гвалту і пачаць рабіць крокі да ўрэгулявання вострага палітычнага крызісу. А ў прэзідэнта нарада. Двое сутак гарыць цэнтр Кіева, а прэзідэнт сядзіць у двух кварталах і не заўважае гэтага. Тое, што адбывалася мінулай ноччу, калі цітушкі выступалі адзіным фронтам з міліцыяй, - паказальна. Гэта сцэнар улады - здушыць пратэсты праваахоўнікамі і бандытамі, стварыўшы беспарадак і хаос. Гвалт трэба спыніць неадкладна! Менавіта пра гэта я казаў сёння і кіраўніцтву спецпадраздзяленняў на Грушэўскага», - падкрэсліў лідэр «УДАРу» .
Лідэр фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеній Яцанюк настойвае на неадкладнай сённяшняй сустрэчы лідэраў трох апазіцыйных фракцый з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам.
«Абурэнне людзей бяздзейнасцю ўладаў і двухмесячным ігнараваннем патрабаванняў Майдана давяло сітуацыю да крытычнай кропкі кіпення. Застаюцца лічаныя дні, а магчыма, нават гадзіны, калі рашэнне палітычнага крызісу яшчэ магчыма шляхам перамоваў», - гаворыцца ў паведамленні Яцанюка, распаўсюджаным прэс-службай партыі «Бацькаўшчына» у аўторак.
Лідэр фракцыі адзначае, што «гэта трэба зрабіць, пакуль людзі яшчэ гатовыя чуць палітыкаў і наогул успрымаюць палітычны шлях урэгулявання крызісу».
Яцанюк заявіў, што сітуацыя больш чым крытычная і патрабуе маланкавай хуткасці ў прыняцці адказных рашэнняў.
Паводле ўкраінскіх СМІ