Куба: 15 гадоў без Фідэля

Пасля сыходу дыктатара яго рэжым абавязкова чакаюць радыкальныя змены. Так лічаць многія палітолагі. Але досвед Кубы, дзе праз 15 гадоў пасля таго, як Фідэль Кастра падаў у адстаўку, не так шмат змянілася, сведчыць, што такая формула працуе не заўсёды.

Фота: EPA/UPG

Фота: EPA/UPG

Зрэшты, радыкальныя трансфармацыі на Кубе мелі месца. І, як не дзіўна, якраз у часы Фідэля. Гэтыя змены былі часткова выкліканы распадам у 1991 годзе Савецкага Саюза, які быў галоўным саюзнікам і гандлёвым партнёрам Кубы. Пасля 1991-га краіна ўпершыню за доўгі час была змушана банальна выжываць і эканоміць на ўсім, чым можна. Каб кампенсаваць наступствы падзення эканомікі, Фідэль дазволіў правесці абмежаваную колькасць ліберальных эканамічных рэформаў.
Курыраваў гэтыя рэформы яго малодшы брат Рауль Кастра, якога Фідэль, сыходзячы на пенсію ў лютым 2008-га, прызначыў пераемнікам. Першыя крокі новага кубінскага лідара стварылі яму імідж ледзь не карыбскага Гарбачова. Пасля абрання на пасаду кіраўніка ўрада ён легалізаваў продажы DVD-прайгравальнікаў і мікрахвалёвак, дазволіў чыноўнікам выкарыстоўваць мабільныя тэлефоны.
Рауль таксама змякчыў кампанію пераследу дысідэнтаў, што, дарэчы, прывяло ў тым ліку да паляпшэння амерыкана-кубінскіх адносін. Кульмінацыяй пацяплення стаў візіт на Востраў Свабоды Барака Абамы — першы падобны візіт амерыканскага прэзідэнта на Кубу за амаль 80 гадоў. У 2014 годзе Барак Абама і Рауль Кастра дамовіліся аднавіць дыпламатычныя адносіны і адмяніць гандлёвае эмбарга, якое дзейнічала больш за пяць дзесяцігоддзяў.
«Раман» Гаваны і Вашынгтона скончыўся вельмі хутка з прыходам да ўлады Дональда Трампа ў 2016-м. Рэспубліканец яшчэ больш закруціў гайкі антыкубінскіх санкцый. Магчыма, гэта астудзіла рэфарматарскі запал Рауля. Хаця ёсць меркаванне, што да рэформаў ён асабліва і не імкнуўся. У той жа эканамічнай сферы ён легалізаваў малы і сярэдні прыватны бізнес, але толькі той, які не канкурыраваў з дзяржаўнымі манаполіямі.
Новы ўсплёск аптымізму ў аматараў рэформаў выклікалі вынікі пасяджэння кубінскага парламента 24 лютага 2013 года. Парламент Кубы прызначыў Рауля Кастра на новы пяцігадовы прэзідэнцкі тэрмін. Пры гэтым Рауль адразу ж паабяцаў, што пакіне ўладу пасля таго, як яго другая кадэнцыя на пасадзе прэзідэнта скончыцца ў 2018 годзе. Такім чынам дынастыя Кастра больш не мела намеру кіраваць краінай. Не будзем, праўда, выключаць і таго, што сярод родных або дзяцей Рауля і Фідэля проста не знайшлося «дастойных». Напрыклад, адна з дачок Рауля — вядомая абаронца правоў ЛГБТ-людзей.
Адначасова стала вядома імя таго, хто зойме пасаду Рауля. Віцэ-прэзідэнтам быў абраны малады функцыянер Мігель Дыяс-Канэль. Ён заняў пасаду прэзідэнта Кубы (старшыні Дзяржаўнай рады) 19 красавіка 2018 года. Рауль Кастра пры гэтым заставаўся першым сакратаром ЦК Камуністычнай партыі да сваёй адстаўкі 19 красавіка 2021 года.
Прыход Мігеля ва ўладу атрымаўся вельмі запамінальным. У ліпені 2018 года Нацыянальная асамблея народнай улады прыняла новую Канстытуцыю, якая замацоўвала вельмі заўважныя змены ў параўнанні з асноўным законам, прынятым у 1976 годзе.
Паводле паправак, на Кубе прызнавалася прыватная ўласнасць, прыватны гандаль і свабодны рынак, а таксама прэзумпцыя невінаватасці, з'явілася забарона на дыскрымінацыю на глебе сексізму, гендарнай ідэнтычнасці, сексуальнай арыентацыі, этнічнага паходжання і інваліднасці. Замежныя інвестыцыі былі прызнаны важным фактарам эканамічнага росту. Але кампартыя працягвала заставацца адзінай законнай палітычнай сілай.
Цяжка сказаць, як новы лідар збіраўся на практыцы рэалізоўваць новыя канстытуцыйныя нормы. Справа ў тым, што праз паўтара года на Кубу прыйшоў каронавірус. І, як у 90-я, зноў пачалося нарміраванне прадуктаў харчавання і медыкаментаў. Пры гэтым узровень даверу да ўлады на фоне чутак аб маштабах віруса моцна ўпаў. У ліпені 2021-га пасля паведамленняў у інтэрнэце аб новым рэкордзе штодзённага захворвання і смяротнасці ў краіне пачаліся пратэсты.
Літаральна за лічаныя гадзіны бунты ахапілі прыкладна 15 гарадоў. У адказ Дыяс-Канэль заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсці на вуліцы, заявіўшы: «Загад — змагацца, рэвалюцыянеры на вуліцы». У выніку ўладам і актывістам лаяльных груповак удалося цалкам узяць сітуацыю пад кантроль. Па стане на 25 ліпеня 2021 года, колькасць затрыманых пратэстоўцаў ацэньвалася ў некалькі соцень чалавек. Пазней 60 асобам былі прад'яўлены абвінавачанні, прычым па, як правіла, непалітычных артыкулах — вандалізм, парушэнне грамадскага парадку і г.д. Тэрміны, якія яны атрымалі за ўдзел у вулічных пратэстах, былі дастаткова вялікія.
Трэба аддаць належнае мужнасці кубінскіх апазіцыянераў. На фоне зачысткі і арыштаў яны заклікалі да новых пратэстаў 15 лістапада 2021-га. Зрэшты, запланаваныя пратэсты ў значнай ступені праваліліся пад ціскам улад і актыўнасці прыхільнікаў урада. Раніцай прызначанага дня мясцовыя «ябацькі» сабраліся ля дамоў лідараў дысідэнтаў, заблакіраваўшы выхады.
Паколькі заходнія СМІ і ўрады выказвалі інфармацыйную падтрымку пратэстоўцам, Гавана вельмі хутка перайшла на рыторыку часоў халоднай вайны, наўпрост абвінаваціўшы тыя ж Штаты ў правакацыі пратэсных выступаў. Думаецца, пакуль мандраж у кубінскіх уладных кабінетах наконт пратэстаў 21-га не скончыцца, статус-кво на востраве захаваецца.
Зрэшты, некаторыя мясцовыя назіральнікі ў прынцыпе не вераць у здольнасць кубінскіх чыноўнікаў нешта ўсур’ёз мяняць. «Камуністы не збіраюцца нічога мяняць і будуць рабіць усё, што захочуць, пакуль яны могуць захоўваць кантроль над сітуацыяй. На вуліцы шмат праблем і незадаволенасці, але людзі нічога не змогуць з гэтым зрабіць, таму што, калі яны паспрабуюць пратэставаць, улады проста дашлюць спецназ», — распавёў кубінец, які ўцёк з радзімы, амерыканскаму выданню «The New Yorker».
Такая пастаноўка пытання міжволі правакуе думку: іншага варыянта, як ісці шляхам Фідэля Кастра — пачынаць сапраўднае паўстанне — у кубінскай апазіцыі няма