Куба. Не будзем вучыцца ў ЗША!

Вучні шматлікіх школ і навучэнцы ўніверсітэтаў Гаваны публічна паабяцалі, што не будуць удзельнічаць у адукацыйнай праграме World Learning, якую фінансуе амерыканскі ўрад.

Фота euronews.com

Фота euronews.com


Справа ў тым, што пасля нядаўняга візіту на востраў Барака Абамы ЗША пашырылі на Кубу звычайную праграму абмену школьнікамі. Праграма World Learning прыцягвае моладзь на летнія курсы на два месяцы знаходжання ў Злучаных Штатах, з наведваннем школ і грамадскіх арганізацый.

Маладыя кубінцы 16–18 гадоў, якія пройдуць конкурс, атрымалі магчымасць бясплатна наведаць Злучаныя Штаты, дзе змогуць пазнаёміцца з амерыканскай сістэмай адукацыі і пройдуць курсы лідарства.

Хаця кубінскія ўлады пагадзіліся на падобную праграму, афіцыёз пабачыў тут спробы падрыхтоўкі кубінскага Майдану.

Публіцыст і журналіст Энрыке Убіета адзначыў, што гэта праграма прызначаная не проста для знішчэння кубінскага ўрада, яна мае на мэце знішчэнне ўсёй сацыяльнай сістэмы, якая з'яўляецца асновай суверэнітэту, дэмакратыі і справядлівасці, чым сёння карыстаюцца ўсе грамадзяне.

Як піша друкаваны орган кубінскага камсамола «Juventud Rebelde», праграма World Learning прыдуманая для таго, каб паспрабаваць зрабіць з кубінскай моладзі апанентаў рэжыму Кастра. Пра гэта нібыта сведчыць сувязь дырэкцыя World Learning з фондамі, блізкімі да рэспубліканцаў.

Так гэта ці не, сказаць цяжка, аднак абяцанне не вучыцца ў ЗША ўжо далі каля 400 кубінскіх юнакоў і дзяўчат.


Паводле кубінскай прэсы