Літва. Адбыўся другі тур парламенцкіх выбараў

23 кастрычніка ў Літве прайшоў другі тур парламенцкіх выбараў. У першым туры, дзе дэпутатаў выбіралі па партыйных спісах, нечакана шмат галасоў (21,55%) атрымаў раней апазіцыйны Саюз сялян і «зялёных».

Ілюстрацыйнае фота. На выбарчым участку ў Літве


Пасля другога туру, дзе дэпутатаў выбіралі па аднамандатных акругах, ён атрымаў лідарства, піша Delfi.

Паводле канчатковых вынікаў у двух турах, Саюз сялян і «зялёных» будзе мець у новым парламенце 54 месцы, Саюз Бацькаўшчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты атрымалі 31 месца, сацыял-дэмакраты — 17, лібералы — 14, «Парадак і справядлівасць» — 8, Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Саюз хрысціянскіх сем’яў таксама атрымалі 8 месцаў, яшчэ 4 месцы ўзялі самавылучэнцы, Партыя працы — 2 месцы, па адным месцы ўзялі Партыя цэнтру, Літоўская партыя «зялёных» і «Літоўскі спіс».

Разам з двума самавылучэнцамі, якія звязваюць сябе з Саюзам сялян і «зялёных», партыя будзе мець 56 мандатаў (са 141), што ёсць найлепшым вынікам для любой партыі з 1996 года. На пасаду прэм’ера партыя збіраецца вылучаць Саўлюса Скверняліса альбо Бронюса Ропэ (прэм’ера насамрэч прапануе прэзідэнт, але традыцыйна ён вылучае прадстаўніка партыі, якая атрымала найбольшую падтрымку). Прэм’ер-міністр затым мае фармаваць кабінет міністраў.

Цяперашні прэм’ер Альгірдас Буткявічус прайграў у сваёй аднамандатнай акрузе, з якой праходзіў у дэпутаты з 1996 года.



www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: