Літва адзначае Дзень абаронцаў свабоды
13 студзеня 1991 года савецкія войскі спрабавалі захапіць будынак тэлевізійнай вежы ў Вільні. У абароне будынка загінула 14 чалавек, 15-я асоба памерла ад атрыманых раненняў у шпіталі.
Сярод абаронцаў і прыхільнікаў незалежнасці Літвы былі і прадстаўнікі беларускай меншасці, адзначыў Радыё Рацыя кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька.
— Свядомыя беларусы, якія стваралі суполкі, былі якраз на баку прагрэсіўных дэмакратычных сілаў, якія стаялі за тое, каб адвязацца ад Савецкага Саюза і ствараць сваю незалежную дзяржаву Літву. Нават частка нас, чалавек 8-9, была ўзнагароджана медалём за абарону незалежнасці.
З 1991 года ў Літве вядзецца крымінальнае следства па справе “смерці людзей і спробе змены канстытуцыйнага ладу”. На сённяшні дзень у вышуку знаходзяцца 23 асобы, абвінавачаныя пракуратурай Літвы ў датычнасці да студзеньскіх падзеяў 1991 года. Двое з іх — камандзір Віленскага гарнізона генерал Уладзімір Усхопчык, які камандаваў штурмам тэлевізійнай вежы, і тагачасны галоўны рэдактар выдання “Савецкая Літва” Станіслава Юонене — з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.
Нягледзячы на шматлікія звароты літоўскай пракуратуры пра экстрадыцыю Усхопчыка і Юонене, афіцыйны Мінск адмаўляецца перадаць іх літоўскаму правасуддзю.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bchd.info