Літва. Юбілей бацькі Літоўскай ССР
У Літве адзначылі 110-годдзе палітычнага дзеяча Антанаса Снечкуса (1903–1974), які з 1940 па 1974 гады працаваў першым сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Літвы. Напярэдадні ўгодак на яго магіле сабраліся сябры літоўскіх левых партый, былыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і партыйныя лідары Савецкай Літвы.
Усё сваё жыццё Антанас звязаў з камуністычным рухам, за што ў антыкамуністычнай Літве неаднаразова падпадаў пад турэмны пераслед. Спачатку яго асудзілі на 15 гадоў турмы, а пасля — на восем. Аднак галоўным яго талентам аказаўся не канспіратарскі, а арганізатарскі. Займаючы пасля вайны кіраўнічыя пасады, у тым ліку першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Літвы, ён здолеў так арганізаваць паваеннае будаўніцтва, што за кароткі час прамысловая вытворчасць у некалі аграрнай рэспубліцы заняла вядучае месца. Пры ім эканоміка Літоўскай ССР дасягнула такіх паказчыкаў, якія забяспечылі самы высокі ўзровень жыцця грамадзян саюзнай рэспублікі ў СССР. Сёння Снечкус добра вядомы выключна людзям сярэдняга і старэйшага ўзросту. Хаця левыя маюць намер вярнуць інтарэс да спадчыны Снечкуса. У дзень 110-й гадавіны яго нараджэння адбылася прэзентацыя кнігі, прысвечанай былому лідару ЛітССР.
Паводле літоўскай прэсы