Літва спыніла вяшчанне расійскага «Першага каналу»
Літоўская кампанія Cgates часова спыніла рэтрансляцыю «Першага Балтыйскага канала» — тэлекампаніі, створанай на базе расійскага «Першага Канала» для вяшчання на краіны Балтыі.
Падставай стала перадача «Чалавек і закон» пра падзеі 13 студзеня 1991 года ў Вільні, якай выйшла ў эфір у пятніцу 4 кастрычніка.
Многія гледачы скардзіліся, што аўтары перадачы сказілі факты і прадставілі змагароў за незалежнасць Літвы ў зневажальным выглядзе.
«Мы атрымалі скаргі ад сваіх кліентаў з нагоды зместу паказанай у пятніцу перадачы, якая, магчыма, парушае законы Літвы, і мы прынялі
рашэнне не пагаршаць сітуацыю: спыніць рэтрансляцыю ПБК. Мы папрасілі іх тлумачэнняў і тлумачэнняў літоўскіх установаў. Спадзяемся, што атрымаем тлумачэнні і,
калі ўсё ў парадку, адновім трансляцыю», — заявіў DELFI генеральны дырэктар Cgates Паўлюс Дамбраўскас.
Паслугамі Cgates карыстаюцца каля паўмільёна жыхароў Літвы, адзначае BBC.
Камісія літоўскага радыё і тэлебачання пачала расследаваньне з нагоды зместу перадачы.