Мальта першай у Еўропе цалкам закрые ўезд для невакцынаваных падарожнікаў

Улады Мальты забаранілі ўязджаць у краіну падарожнікам, якія не зрабілі прышчэпку ад каронавіруса. Пра гэта паведамляе Times of Malta.

57059840_303.jpg

Да гэтага часу на Мальту з краін, прызнаных эпідэміялагічна добрымі, можна было прыехаць, маючы ў наяўнасці адмоўны ПЛР-тэст.
Новыя меры ўступяць у сілу 14 ліпеня. Без прышчэпкі будуць пускаць толькі дзяцей да 12 гадоў, калі іх суправаджаюць прышчэпленыя бацькі. Пры гэтым пакуль Мальта ў якасці пацверджання вакцынацыі прымае толькі еўрапейскія або брытанскія сертыфікаты.
Жыхары самой Мальты, якія не прышчапіліся, не змогуць пакінуць краіну і вярнуцца назад.
У апошнія дні на Мальце адбыўся рэзкі ўсплёск захворвання: калі на працягу ўсяго чэрвеня штодня фіксаваліся два-тры выпадкі ў дзень, то 9 ліпеня былі выяўлены 96 выпадкаў, што стала рэкордным значэннем з канца сакавіка.
Мальта — лідар сярод еўрапейскіх краін па тэмпах вакцынацыі. Абедзве дозы вакцыны атрымалі 79% жыхароў краіны.
meduza.io