Маск абяцае Украіне хуткую пастаўку новай партыі сістэм Starlink
Заснавальнік SpaceX Ілан Маск на наступным тыдні паставіць ва Украіну новую партыю тэрміналаў спадарожнікавага інтэрнэту Starlink, якую мяркуецца выкарыстоўваць у разбураных расійскімі вайскоўцамі гарадах.
«Пагаварыў з Іланам Маскам. Удзячны яму за падтрымку Украіны словамі і ўчынкамі. На наступным тыдні атрымаем чарговую партыю сістэм Starlink для разбураных гарадоў», — паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля размовы з Маскам, піша АФН.
Зяленскі дадаў, што абмеркаваў з Маскам магчымыя сумесныя касмічныя праекты, якія можна будзе развіваць ужо пасля завяршэння вайны.
Украіна ўжо атрымала першую партыю абсталявання Starlink, акрамя таго, у Starlink адкрылі доступ да інтэрнэту з тэрыторыі Украіны для ўсіх тэрміналаў, увезеных ва Украіну з іншых краін.