Масква патрабуе пакараць польскіх хуліганаў
Гаворка ідзе пра тых, хто знішчае савецкія помнікі ў Польшчы.

Масква патрабуе, каб Варшава пакарала тых, хто знішчае помнікі савецкім жаўнерам. У заяве па гэтай справе МЗС Расіі нагадвае, што ў Скарышэўскім парку ў Варшаве быў апаганены помнік „У падзяку чырвонаармейцам”.
Расійскія дыпламаты хочуць, каб польскія ўлады затрымалі і пакаралі хуліганаў.
„Мы патрабуем прыняць вычарпальныя меры, каб знайсці і пакараць вінаватых, аднавіць знешні выгляд помніка, а таксама прадухіліць падобныя інцыдэнты ў будучыні”, — чытаем у заяве расійскага МЗС.
Паводле расейскіх дыпламатаў, шмат сведчыць пра тое, што польскія ўлады ня хочуць выконваць міжнародных дамоваў па абароне памятных месцаў, звязаных з савецкімі жаўнерамі.