Мексіка. Газета закрылася пасля забойства журналіста
Журналістку Міраславу Брыч застрэлілі ў сакавіку. Забойца пакінуў на месцы злачынства цыдулку: "За тое, што казала занадта гучна".
Рэдакцыя мексіканскай газеты “Norte de Ciudad Juarez” паведаміла, што нядзельны выпуск стаў апошнім. Прычына рашэння спыніць выхад выдання — забойства журналіста і крымінальнай сітуацыі ў краіне ў цэлым.
У нядзелю быў надрукаваны апошні выпуск газеты. Цяпер выданне працягне выходзіць толькі ў інтэрнэт-версіі.
Журналістку газеты Міраславу Брыч застрэлілі ў горадзе Чыхуахуа ў сакавіку. Акрамя яе, у сакавіку былі забітыя яшчэ два журналісты.
Брыч рабіла матэрыялы пра сувязі паміж арганізаванай злачыннасцю і чыноўнікамі ў штаце Чыхуахуа. У яе стрэлілі 8 разоў, калі яна знаходзілася ў сваёй машыне каля дому.
Побач з ёй у машыне было яе дзіця, але яно не пацярпела. Забойца пакінуў на месцы злачынства цыдулку: "За тое, што казала занадта гучна".
Рэдактар “Norte de Ciudad Juarez” Оскар Канту сказаў, што ніхто не можа даць ніякіх гарантый бяспекі журналістам.
"Ва ўсяго ў жыцці ёсць пачатак і канец, ды цана, якую трэба заплаціць, але калі гэтая цана — жыццё чалавека, я не гатовы расплачвацца жыццямі сваіх супрацоўнікаў або каго б там ні было іншага", — сказаў Канту.
З 1992 года ў Мексіцы былі забітыя 35 журналістаў, многіх з іх перад смерцю катавалі — гэта афіцыйныя вынікі, прадстаўленыя мексіканскім камітэтам абароны журналістаў.
Яшчэ 50 журналістаў былі забітыя за гэты ж час па нявысветленых прычынах.
У сакавіку губернатар штата Чыхуахуа заявіў, што ва ўрада няма эфектыўных сродкаў для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю.
Паводле ВВС