Міграцыя ў Нямеччыну з краінаў Еўрасаюза дасягнула рэкорднага ўзроўню
Амаль 80 адсоткаў усіх, хто прыехаў — выхадцы з Усходняй Еўропы.
У 2015 годзе на пастаяннае месца жыхарства ў Нямеччыну прыбыла рэкордная колькасць грамадзянаў з іншых краінаў Еўрасаюза — 685 485 чалавек, перадае Deutche Welle. У тым жа годзе 303 036 грамадзянаў еўрапейскіх дзяржаваў пакінулі Нямеччыну, што азначае чысты прырост мігрантаў 382 449 чалавек, паведаміла ў суботу, 2 ліпеня, газета Die Welt са спасылкай на Федэральную ўстанову ў справах міграцыі і бежанцаў (BAMF).
Амаль 80 адсоткаў еўрапейскіх мігрантаў складаюць грамадзяне краінаў Усходняй Еўропы. Першае месца займае Румынія (174 779 чалавек), за ёй ідуць Польшча (147 910), Балгарыя (71 709), а таксама самы малодшы сябра ЕС — Харватыя (50 646 чалавек).
Адначасова скарацілася колькасць мігрантаў, якія прыбываюць у Нямеччыну з краінаў паўднёвай Еўропы — Грэцыі, Італіі, Партугаліі і Гішпаніі. Летась з гэтых краінаў у Нямеччыну пераехалі 100 164 чалавекі.
У цэлым у ЕС налічваецца 18,5 млн унутрыеўрапейскіх мігрантаў. З іх 4,1 млн чалавек жывуць у Нямеччыне, 3,1 млн – у Вялікай Брытаніі і за 2,2 млн — у Францыі.