Мінабароны Польшчы абвінаваціла беларускіх сілавікоў ва ўзбраенні мігрантаў
Мінабароны Польшчы заяўляе, што мігранты падчас сённяшняй атакі былі ўзброеныя светлашумавымі гранатамі.
У ведамстве кажуць, што яны атрымалі іх ад беларускіх службаў, паведамляе «Еўрарадыё».
16 лістапада на пераходзе «Брузгі-Кузніца» мігранты з беларускага боку пачалі кідаць камяні ў бок польскіх вайскоўцаў і паспрабавалі прарвацца на тэрыторыю Польшчы. У адказ палякі выкарысталі вадамёт і слёзацечны газ. Таксама хтосьці выкарыстаў светлашумавыя гранаты.
У адказ на гэта прадстаўніца Памежнай варты Польшчы Ганна Міхальска заявіла, што Памежная варта Польшчы ў выпадку неабходнасці прыменіць зброю без ваганняў.
«Мы на ўсе дзяжурствы выходзім з баявой зброяй. Мы — сілавая структура, мы праходзім трэніроўкі, каб у выпадку неабходнасці прымяніць гэтую зброю. Магу запэўніць, што калі будзе трэба, супрацоўнікі памежнай варты не будуць вагацца з выкарыстаннем зброі», — сказала яна.
«Але я падкрэсліваю, што мы будзем старацца зброю не выкарыстоўваць. Мы не хочам выкарыстоўваць, але калі будзе трэба, то мы не станем вагацца», — заявіла Міхальска.