Мінус 69 помнікаў. У Латвіі знясуць помнікі, што ўслаўлялі савецкі і нацысцкі рэжымы

Кабінет Міністраў Латвіі сёння, 14 ліпеня, падтрымаў рашэнне пра знос 69 помнікаў, памятных знакаў і мемарыялаў, якія праслаўляюць савецкі і нацысцкі рэжымы. Гэтыя помнікі размешчаныя па ўсёй краіне.

Foto: LETA

Foto: LETA

Тэма зносу помнікаў у Латвіі актуалізавалася пасля ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну

Аднак дэмантаж не пагражае помнікам, памятным знакам і мемарыяльным аб'ектам, якія размешчаныя на месцах пахавання загінуўшых салдат, паведамляе латвійскі партал Delfi.

Латвійскі саюз мастакоў і Латвійскі музей акупацыі прынялі рашэнне, што знесці трэба 69 аб'ектаў. Гэтыя аб'екты знаходзяцца ва ўсіх гістарычных краях Латвіі, на тэрыторыі 23 самакіраванняў. Большасць мемарыялаў наведваюцца рэдка.

Самыя вядомыя помнікі савецкай эпохі знаходзяцца ў буйных латвійскіх гарадах. У дадатак да ўжо прызначанага для зносу помніка ў Рызе вызначана яшчэ некалькі іншых мемарыялаў савецкай эпохі, якія таксама будуць дэмантаваныя.

Асобныя самакіраванні ўжо вырашылі, што рабіць з помнікамі, прызначанымі для дэмантажу. Напрыклад, вырашылі перанесці іх на могілкі, дзе пахаваныя салдаты Савецкай Арміі.