Мір пад манастыр

На карце Каўказа можа з’явіцца новая «гарачая кропка». Баку і Тбілісі не могуць падзяліць фрагмент сярэднявечнага храмавага комплексу.

 Фота www.sputnik-georgia.ru

 Фота www.sputnik-georgia.ru

Сутнасць канфлікту вельмі простая. Тое, што Грузія заўжды лічыла сваёй спрадвечнай тэрыторыяй і неад’емнай часткай манастырскага комплексу Давід-Гарэджы, у Азербайджане называюць «Кешыкчыдаг» і лічаць сваім дзяржаўным гісторыка-культурным запаведнікам. Сам жа комплекс, які ўяўляе сабой высечаныя ў скалах каля 20 манастыроў, знаходзіцца ў 60 кіламетрах на паўднёвы ўсход ад Тбілісі і займае тэрыторыю працягласцю ў 25 кіламетраў.

Пры гэтым, нягледзячы на нестыкоўкі ў памежных пытаннях, за ўвесь час існавання абедзвюх дзяржаў атмасфера вакол храмаў была мірная. Азербайджанскія памежнікі прапускаюць хрысціянскі вернікаў.

Хмары на гарызонце пачалі збірацца напрыканцы траўня, калі грузінская грамадскасць даведалася пра намер азербайджанцаў правесці ў памежнай зоне аўтамабільнае ралі. Мерапрыемству папярэднічала праца дарожнай тэхнікі.

У колах грузінскіх нацыяналістаў вырашылі, што такая дарога да храму можа палепшыць пазіцыі Баку на перамовах па дэмаркацыі гэтай часткі мяжы.

З улікам таго, што некалькі спрэчных праваслаўных аб’ектаў знаходзяцца пад кантролем Баку, нават пачалі казаць, што да расійскай акупацыі Грузіі дадалася і азербайджанская. То-бок, трэба кідаць усё, ехаць у Давід-Гарэджы, стаць ля мяжы і гучна казаць: «Давід-Гарэджы — Грузія!»

Як вынік, на берагах Куры была агучаная мабілізацыя, і ў накірунку Давід-Гарэджы выправіўся дэсант актывістаў. Іх ваяўнічы настрой не замарозіў ні заклік грузінскага МЗС, ні зварот Праваслаўнай царквы. Абедзве структуры абвяргалі магчымасць тэрытарыяльных саступак з боку Грузіі. Актывісты прыбылі на мяжу, нейкі час патрулявалі яе з патрыятычнымі транспарантамі — і пасля вярнуліся дахаты.

Адначасова пытанне вынеслі ў парламент. Натуральна, было б цудам, калі б сітуацыяй не скарысталіся апаненты ўраду, які фармуе партыя «Грузінская мара». Больш за іншых піярыліся на памежнай тэме лейбарысты. Іх правадыр Шалва Нацелашвілі адразу знайшоў адказнага. «Бідзіна Іванішвілі (кіраўнік «Грузінскай мары») прадаў Давід-Гарэджы свайму бізнес-партнёру, прэзідэнту Азербайджана, алігарху Ільхаму Аліеву. Ідзе інтэнсіўная праца, каб гэтая найстаражытнейшая грузінская святыня канчаткова была акупаваная», — казаў ён. Апазіцыя таксама запатрабавала перапыніць перамовы і пасяджэнні камісіі па пытаннях дэмаркацыі мяжы, пакуль у перамовы не будуць прыцягнутыя ЕС і ЗША.

keli_v_skale_david_gareji.jpg

Праўладныя палітыкі і лаяльны сегмент інтэрнэту, у сваю чаргу, развіваюць думку пра тое, што апазіцыя фактычна працуе на Крэмль: канфлікт вакол храмавага комплексу на руку Маскве, якой даспадобы разборкі па лініі Баку—Тбілісі. Між тым, маскоўскія знаўцы пабачылі за ўсім руку дзядзькі Сэма.

«Ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін цікавы момант. Канфлікту папярэднічала тое, што адной з першых ініцыятыў прэзідэнта Саламе Зурабішвілі стала ідэя даць краіне сталыя межы. І перш за ўсё, з Азербай­джанам. Тут памежная лінія з на 60–70 працэнтаў недэмаркаваная. У Баку вельмі неадназначна ўспрынялі яе прапанову, паколькі яна таксама паабяцала, што ўсе спрэчныя моманты будуць вырашаныя на карысць Тбілісі.

Дарэчы, у Грузіі такую актыўную знешнюю палітыку прэзідэнта некаторыя ўжо палічылі парушэннем Канстытуцыі і пагражаюць заявай у Канстытуцыйны суд з перспектывай імпічменту.

Праўда, да імпічменту Зурабішвілі справа наўрад ці дойдзе, а вось пра абвастрэнне азербайджанска-грузінскіх адносін можна казаць ужо цяпер. Як і трэба было чакаць, у Баку вельмі агрэсіўна адрэагавалі на заявы грузінскіх радыкалаў. Прычым, часам занадта агрэсіўна. Напрыклад, навуковы савет Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Азербайджана мяркуе, што частка грузінскіх земляў з’яўляецца гістарычнымі азербайджанскімі тэрыторыямі, а сталіца Тбілісі «нясе ў сабе азербайджанскую культуру».

Цяпер абедзвюм каўказскім дзяржавам давядзецца неяк замірацца. На чэрвень запланаваны візіт кіраўніка парламенту Грузіі ў Баку, па выніках якога, думаецца, бакі неяк вернуцца да старога добрасуседскага фармату адносін. Таксама запланаваныя сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці абедзвюх краін. На крайні выпадак, можна запрасіць Міхаіла Саакашвілі, які 28 траўня заявіў пра гатоўнасць стаць мадэратарам на перамовах.

Што тычыцца лёсу Давід-Гарэджы, то ўсё залежыць ад вынікаў працы сумеснай камісіі, сябрам якой будзе няпроста паразумецца. Праз ціск актывістаў магчымасці манеўру на перамовах вузкія. Экзальтаваная грамадскасць — як у Азербайджане, так і ў Грузіі — патрабуе ад дыпламатаў трымацца жорсткай лініі, хаця першапачаткова дапускалася ідэя зямельнай кампенсацыі за спрэчныя межы. На жаль, гэтая, як і любая іншая канструктыўная прапанова, цяпер будзе выклікаць выключна спекуляцыйныя інтэрпрэтацыі. Таму можна пагадзіцца з тымі палітолагамі, якія лічаць, што цалкам зняць напружанне ў Давід-Гарэджы ўжо не атрымаецца.