Місія АБСЕ ў Данбасе паскардзілася на пагрозы з боку баевікоў «ДНР»

Спецыяльная маніторынгавая місія (СММ) АБСЕ ў Данбасе заявіла, што баевікі «ДНР» у пятніцу заблакіравалі аўтамабіль арганізацыі і запатрабавалі ў супрацоўнікаў пакінуць раён, паведамляе ВВС.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Здарэнне адбылося ў раёне населенага пункта Лукава ў 72 км на поўдзень ад Данецка, які ўключаны ў тэрыторыю, падкантрольную сепаратыстам. Потым шлях місіі заблакіравала яшчэ адна машына.
«З аўтамабіля выйшлі тры ўзброеныя ўдзельнікі «ДНР», у вельмі агрэсіўнай манеры накіравалі сваю зброю на супрацоўнікаў СММ і запатрабавалі ў кіроўцы адчыніць дзверы», — гаворыцца ў паведамленні АБСЕ.
Супрацоўнікаў місіі прымусілі паехаць на КПП «Прыморскае», дзе дзевяць байцоў «ДНР» таксама пачалі пагражаць ім, аднак праз 10 хвілінаў машыну АБСЕ адпусцілі.
Паводле «Радыё Свабода»