Мяняем ёд на Курылы

Расія спрабуе выкарыстаць падзеі ў Японіі, каб перафарматаваць адносіны з Токіа ў пазітыўны бок і канчаткова вырашыць «пытанне Курылаў».

Нагадаем, з 1945 года Японія прэтэндуе на паўднёвую частку Курыльскай грады, спасылаючыся на двухбаковы Трактат пра гандаль і межы ад 1855 года. Вяртанне гэтых астравоў Токіа паставіў умовай мірнай дамовы з Расіяй, якая пасля другой сусветнай вайны так і не была падпісана.



28f7241796510e838db4a1384ae1279d.png

Расія спрабуе выкарыстаць падзеі ў Японіі, каб перафарматаваць адносіны з Токіа ў пазітыўны бок і канчаткова вырашыць «пытанне Курылаў».
Нагадаем, з 1945 года Японія прэтэндуе на паўднёвую частку Курыльскай грады, спасылаючыся на двухбаковы Трактат пра гандаль і межы ад 1855 года. Вяртанне гэтых астравоў Токіа паставіў умовай мірнай дамовы з Расіяй, якая пасля другой сусветнай вайны так і не была падпісана.
Пазіцыя Масквы заключаецца ў тым, што паўднёвыя Курылы ўвайшлі ў склад СССР па выніках раскладу, які ўзнік пасля другой сусветнай вайны і мае адпаведнае міжнародна-прававое афармленне.
Старая спрэчка ў чарговы раз абвастрылася пасля наведвання міністрам абароны РФ Анатолем Сердзюковым гарнізонаў на выспах Ітуруп і Кунашыр. 7 лютага, які адзначаецца ў Японіі як Дзень Паўночных тэрыторый, японскі прэм’ер Наота Кан назваў візіт Мядзведзева на Курылы ў лістападзе 2010 года «грубіянствам». У той жа дзень японскія радыкалы прыйшлі да пасольства РФ у Токіа з парванымі сцягам Расіі, а затым «падмялі» імі тратуар.
Расійская дыпмісія перадала ў японскі МЗС ноту з патрабаваннем прыняць меры па крымінальным пераследзе асобаў, якія здзейснілі здзек са сцяга замежнай дзяржавы. Аднак японскі бок палічыў, што ўльтраправыя здзекаваліся не са сцягу РФ, а з «самаробнага прадмету падобнага на сцяг», які яны не лічаць дзяржаўным сімвалам Расіі.
Свайго піка канфрантацыя дасягнула напярэдадні Дня абаронца айчыны. У інтэрнэце пачалі гуляць чуткі пра тое, што, быццам, амбасадар Японіі выклікаў усіх кіраўнікоў прадстаўніцтваў японскіх кампаній у Маскве і загадаў сядзець на валізках, быць гатовымі ў любую хвіліну да вяртання на радзіму. Пры гэтым ён нібыта сказаў: «Урад нашай краіны разглядае магчымасць вайны з Расіяй з мэтай вяртання паўночных тэрыторый. Насельніцтва Японіі складае 125 мільёнаў чалавек, а насельніцтва Расіі —140 мільёнаў. Гэта цалкам нармальныя ўмовы для вядзення пераможных баявых дзеянняў, з улікам таго, што войска РФ у недасканалым стане, а ўрад не гатовы для таго, каб ужыць ядзерную зброю».
Сыходзячы з гэтага шматлікія блогеры прапаноўвалі Мядзведзеву на ўсіх парах ляцець у Пекін, Ханой, Джакарту, Сеул — краіны-праціўнікі Японіі ў часы другой сусветнай вайны, і ладзіць з імі антыяпонскі рэгіянальны блок.
Афіцыйныя ведамствы РФ плёткі і парады праігнаравалі. Аднак падставы для эмоцый у іх, напэўна, былі. Хаця б таму, што па выніках галасавання ў інтэрнэце стала відавочна: пакласці сваё жыццё за далёкія выспы расіяне жаданнем не гараць. 68 працэнтаў удзельнікаў адпаведнага апытання ў той ці іншай форме заявілі, што ў выніку вайны стануць дэзерцірамі.
І тут адбыліся землятрусы ў Ціхім акіяне. Прадстаўнікі расійскага знешнепалітычнага ведамства адразу выказалі надзею, што стыхія дапаможа прыглушыць тэрытарыяльную спрэчку і зблізіць Токіа і Маскву гэтак жа, як тэракт 11 верасня зблізіў Расію і ЗША ці авіякатастрофа пад Смаленскам — Расію і Польшчу.
«Цяпер наша задача — дапамагчы японцам нармалізаваць сітуацыю з гэтым кашмарам, а не думаць пра нейкія прагматычныя рэчы», — цытуе «Коммерсант» сваю крыніцу на Смаленскай плошчы. — Але хацелася б верыць, што ўсе гэтыя падзеі створаць новую атмасферу ў адносінах».
Расія апынулася адной з першых краін, якія прапанавалі Японіі дапамогу ў барацьбе з наступствамі стыхійнага бедства. Прэзідэнт Мядзведзяў апярэдзіў шматлікіх сваіх калегаў, накіраваўшы пасланне са спачуваннямі 12 сакавіка. Масква накіравала ў Японію два атрады выратавальнікаў і абсталяванне. У панядзелак кіраўнік дыпламатычнага ведамства Сяргей Лаўроў прыехаў да японскай амбасады ў Маскве.
Мяркуючы па ўсім, Токіа вырашылі даціскаць усе. Уладзімір Жырыноўскі нечакана запрасіў усю японскую нацыю перасяліцца ў Расію, а пракрамлёўская моладзевая арганізацыя «Маладая гвардыя» на чале з экс-шпіёнкай Ганнай Чапман адмовілася ад запланаванай паездкі на Курылы.
Актыўнасць Расіі на ўсходнім накірунку была заўважаная ў заходняй прэсе. «Японія атрымлівае газ і вугаль ад гістарычнага суперніка», — піша ўплывовая амерыканская газета «The Christian Science Monito». Журналіст адзначае: «Напярэдадні землятрусаў узаемаадносін Масквы і Токіа былі вельмі прахалоднымі з-за абвастрэння тэрытарыяльнай спрэчкі. Аднак тое, што Расія шчыра і шчодра адгукнулася на японскую бяду, можа спрыяць паспяховаму вырашэнню праблемы тэрытарыяльнага пытання пасля таго, як наступствы катастрофы будуць ліквідаваны».
Аднак пакуль надзеі Расіі на тое, што двухбаковы канфлікт будзе лягчэй вырашыць на фоне салідарнасці і падтрымкі, не працуе.
«Трагічная сітуацыя, у якой апынулася Японія з-за разбуральнага землятрусу і цунамі, не паўплывае на рашэнне тэрытарыяльнай спрэчкі. Гэта зусім іншая тэма», — заявіў амбасадар Японіі ў Маскве Масахару Кона.
Зрэшты, гэта было сказана яшчэ да таго, як сталі паступаць жудасныя навіны з японскіх АЭС. Нельга выключаць, што Японіі, як у 1945 годзе, давядзецца вырашаць больш глабальныя пытанні нацыянальнай бяспекі і, як у 1945-м, пра лёс двух маленькіх астравоў забудуць. У любым выпадку, аказаная Расіяй дапамога палепшыць імідж краіны ў асяроддзі простых японцаў, што будзе вельмі важна ў будучым, калі мясцовыя нацыяналісты зноў паспрабуюць узняць тэрытарыяльнае пытанне.