На поўдні Каліфорніі адбыўся наймацнейшы за 20 гадоў землятрус

Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся за 240 кіламетраў на паўночны ўсход ад Лос-Анджэлеса. У Рыджкрэсце ў некалькіх дамах успыхнуў пажар, адбыліся ўцечкі газу, з'явіліся расколіны на дарогах. Паступаюць паведамленні аб параненых.

49479130_303.jpg

На поўдні амерыканскага штата Каліфорнія ў чацвер, 4 ліпеня, адбыўся наймацнейшы за мінулыя 20 гадоў землятрус, паведамляе www.dw.com. Стыхія закранула асобныя раёны штата Нявада на захадзе краіны. Як паведаміла Геалагічная служба ЗША, эпіцэнтр землятрусу магнітудай 6,4 знаходзіўся ў пустыні Махавэ, прыблізна ў 240 кіламетрах на паўночны ўсход ад Лос-Анджэлеса. Ачаг залягаў на глыбіні прыкладна дзевяці кіламетраў.

Мацней за іншых ад стыхіі пацярпеў горад Рыджкрэст з насельніцтвам 28 тысяч чалавек. Неўзабаве пасля першага падземнага штуршка ў 10.33 па мясцовым часе (20.33 гадзін у нас) адтуль пачалі паступаць паведамленні пра параненых.

Расколіны на дарогах, пажары і ўцечкі газу

У двух дамах распачаўся пажар, былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў уцечак бытавога газу з-за прарыву трубаправодаў, парушаная цэласнасць дарожнага пакрыцця, паведаміў кіраўнік пажарнай аховы акругі Керн Дэвід Уіт.

Паводле яго слоў, 15 пацыентаў былі ў мэтах засцярогі эвакуіраваныя з рэгіянальнай бальніцы. У акрузе ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Падземныя штуршкі адчуваліся таксама ў Лас-Вегасе (штат Нявада) і ў цэлым шэрагу населеных пунктаў на Ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША.

У сувязі з перагружанасцю ліній сувязі выратавальнікі ў сацсетках папрасілі мясцовых жыхароў набіраць нумары тэлефонаў экстраных службаў толькі ў выпадку раненняў або непасрэднай пагрозы жыццю і здароўю.
Паводле www.dw.com