На выбарах у Малдове лідзіруе прарасійская Партыя сацыялістаў

У Малдове, дзе 24 лютага адбыліся парламенцкія выбары, завяршаецца падлік галасоў. Па выніках падліку 97,48 % галасоў лідзіруе партыя сацыялістаў (PSRM) — яна набрала 31,4% галасоў выбарнікаў, піша «Радыё Свабода».

Падчас галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Малдове. Фота www.svaboda.org

Падчас галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Малдове. Фота www.svaboda.org


На другім месцы — апазіцыйны блок ACUM — 26,12% галасоў, на трэцім — Дэмакратычная партыя (PDM) — 24% галасоў, на чацвёртым месцы — кансерватыўная папулісцкая партыя «Шор» («Șor») з 8,47% галасоў выбарнікаў.

Прэм’ер-міністр Малдовы Павел Філіп і спікер парламенту Адрыян Канду пахвалілі «празрыстасць» выбараў, іх «свабодны і дэмакратычны характар».

Сустаршыня блоку ACUM Майя Санду заявіла, што выбары 24 лютага не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі, таму што галасы выбарнікаў знаходзіліся пад уплывам «ілжывай інфармацыі». Санду заявіла, што гэтыя выбары былі самымі недэмакратычнымі ў гісторыі Рэспублікі Малдова. Яна адзначыла, што на працягу дня былі адзначаныя шматлікія факты падвозу жыхароў Прыднястроўя на правы бераг Днястра для ўдзелу ў галасаванні за грошы.

Яўка на выбарах склала 49% або 1 мільён 451 тысяча выбарнікаў.

Асноўная барацьба разгарнулася паміж прэзідэнцкай Партыяй сацыялістаў, якую называюць прарасійскай палітычнай сілай, кіроўнай Дэмакратычнай партыяй алігарха Уладзіміра Плахатнюка і праеўрапейскім апазіцыйным блокам ACUM. Шанцы трапіць у парламент ёсць і ў папулісцкай партыі «Шор».

Агульная колькасць выбарнікаў у Малдове і за яе межамі перавышае 3,2 мільёна. На выбары прыбылі больш за 4 тысячы назіральнікаў, каля 800 з іх — замежныя назіральнікі.

www.svaboda.org