Навукоўцы выявілі самую яркую і «галодную» чорную дзірку ў сусвеце

Аўстралійскія навукоўцы выявілі касмічны аб'ект, які свеціцца ў 500 трыльёнаў сонцаў і бесперапынна паглынае матэрыю вакол сябе.

Фота: eso.org

Фота: eso.org

Крыніца святла магутнасцю ў 500 трыльёнаў сонцаў, або аб'ект J0529-4351, выяўлены на ўскраіне сусвету «вельмі вялікім тэлескопам» (ВВТ) у Чылі. Гэты аб'ект з'яўляецца самым яркім з усіх, якія навукоўцы калі-небудзь знаходзілі ў космасе, піша BBC.

Гэта квазар — актыўнае ядро галактыкі, што толькі зараджаецца, у цэнтры якой знаходзіцца звышмасіўная чорная дзірка з велічэзным апетытам. Яна кожны дзень паглынае масу рэчыва, роўную нашаму сонцу, і сама важыць ужо як 17 млрд сонцаў.

Але свеціцца, уласна, не сама дзірка, а навакольны так званы акрэцыйны дыск, які ўзнікае ў працэсе «прыёму ежы».

Як пішуць у выданні «Nature Astronomy», навукоўцы, якія займаліся даследаваннем аб'екта J0529-4351, кажуць, што квазар быў знойдзены шмат гадоў таму, але яго сапраўдныя маштабы сталі зразумелыя толькі цяпер.

«Мы выявілі аб'ект, сапраўдную сутнасць якога адразу не распазналі, хоць ён шмат гадоў літаральна глядзеў нам у вочы, таму што ярка свяціўся, хутчэй за ўсё, яшчэ да нараджэння чалавека. Але цяпер мы зразумелі, што гэта не проста адна з блізкіх зорак нашага Млечнага Шляху, а вельмі аддалены аб'ект», — распавёў у інтэрв'ю BBC кіраўнік праекта, супрацоўнік Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэта (АНУ) Крысціян Вулф.

Квазар — гэта актыўнае ядро галактыкі, крыніцай энергіі ў якім служыць звышмасіўная чорная дзірка, якая засмоктвае ў сябе навакольную матэрыю ў велізарных аб'ёмах.

Па меры таго, як гэтая матэрыя паскараецца, набліжаючыся да цэнтра чорнай дзіркі, яна пачынае выпраменьваць яркае святло, бачнае на велізарнай адлегласці: да прыкладу, святло ад аб'екта J0529-4351 ішло да нас 12 млрд гадоў! Нездарма астраномы часам называюць квазары маякамі сусвету.

Глядзіце таксама

Зрэшты, па словах навукоўцаў, у гэтым квазары дзіўна літаральна ўсё. Узяць хоць бы яркасць, якая ў 500 з лішнім трыльёнаў разоў перавышае сонечную. Паколькі ў цэнтры ўсіх без выключэння вядомых галактык ёсць звышмасіўны аб'ект, гэта хутчэй за ўсё азначае, што падобныя аб'екты з'яўляюцца неад'емнай часткай эвалюцыі любой галактыкі.

«Прасцей кажучы, гэта значыць, што без гэтых чорных дзірак наша галактыка ў тым выглядзе, у якім мы яе ведаем, сёння не існавала б, — тлумачыць суаўтар даследавання, аспірант Сэмюэль Брэх. — Уласна, і ўсе галактыкі былі б зусім іншымі без гэтых звышмасіўных чорных дзірак».

Але галоўная загадка заключаецца ў тым, як такія масіўныя чорныя дзіркі маглі з'явіцца на раннім этапе станаўлення сусвету, калі, здавалася б, для іх фарміравання было яшчэ недастаткова матэрыі.

Навукоўцы схільны прыняць сцэнар, па якім гэтыя аб'екты паўсталі прама з газу, што існаваў адразу пасля Вялікага Выбуху, магчыма, яшчэ да таго, як утварыліся першыя зоркі.

Глядзіце таксама