Нямецкім жаўнерам не дазволілі доўгія валасы
Вайсковая камісія Бундэстага вынесла пастанову адносна прычосак, якія дазволена насіць нямецкім салдатам.
Суддзі у выніку даследвання справы вырашылі пакінуць усё як ёсць. У статуце застаўся пункт пра тое, што салдат мае насіць кароткую стрыжку, якая не павінна закрываць вушы і вочы.
Сваё рашэнне чыноўнікі тлумачаць патрэбамі бяспекі. Доўгія валасы быццам могуць замінаць падчас вайсковых дзеянняў . Акрамя таго за імі трэба даглядаць, што патрабуе адпаведных камфортных умоў.
Здавалася б, абсалютна чаканае рашэнне, але яно нечакана раз’юшыла шматлікіх нямецкіх вайскоўцаў. Яны кажуць пра палавую дыскрымінацыю, паколькі кабетам, якія служаць ў Бундэсверы, доўгія валасы дазволеныя. На іх думку, не вытрымлівае крытыкі тэзіс пра тое, што доўгія валасы замінаюць салдату весці бой. Сёння каля 10 працэнтаў складу нямецкіх войскаў у гарачых кропках як раз кабеты.
Застаецца дадаць, што ў сваёй крытыцы кіраўніцтва салдаты-аматары доўгіх валасоў знайшлі падтрымку з боку нямецкіх левых палітыкаў. Іх прэса піша, што кіраўніцтва арміі займаецца абы чым, у той час як ў казармах можна пачуць словы захаплення Гітлерам, а нямецкіх салдат абвінавачваюць у здзеках над мірным насельніцтвам у зонах канфлікту і г.д. Ужо вядома, што некаторыя моднікі маюць намер судзіцца з кіраўніцтвам Бундэсевера ў Канстытуцыйным судзе.
Паводле нямецкай прэсы