Новая акцыя «жоўтых камізэлек»: сутычкі з паліцыяй і затрыманыя
У Францыі ў суботу, 6 красавіка праводзілася дваццаць першая штотыднёвая акцыя «руху жоўтых камізэлек», піша Радыё Свабода. У Парыжы пасля поўдня на акцыю сабралася некалькі соцен чалавек.
Да вечара суботы паведамлялася аб 43 затрыманых у Парыжы і некалькіх сутычках з паліцыяй у Руане. Агулам, як адзначае Reuters, маніфестацыі прайшлі мірна і спакойна.
У Парыжы працягвае дзейнічаць забарона на правядзенне дэманстрацыяў на цэнтральных вуліцах і плошчах, уведзеная пасля пагромаў на Елісейскіх палях 16 сакавіка. Забарона распаўсюджваецца і на некалькі іншых гарадоў Францыі, дзе «жоўтыя камізэлькі» праявілі найбольшую актыўнасць.
На мінулым тыдні Канстытуцыйная рада Францыі скасавала найбольш крытыкаваны дэманстрантамі артыкул новага закону, які прадугледжваў адміністрацыйную забарону на ўдзел у дэманстрацыях любога чалавека, які «прадстаўляе асаблівую небяспеку для грамадскага парадку».
Рух «жоўтых камізэлек» правёў свае першыя акцыі 17 лістапада 2018 году, першыя пратэсты справакавала падвышэнне цэнаў на паліва. Тады на вуліцы гарадоў выйшлі 282 тысячы французаў. На мінулым тыдні, паводле паліцыі, толькі 34 тысячы. Самі дэманстранты лічаць, што іх было ў тры разы больш.
У суботу прадстаўнікі «жоўтых камізэлек» з розных рэгіёнаў Францыі сабраліся ў Сэн-Назэры, партовым горадзе на ўзбярэжжы Атлантыкі, на так званую «асамблею асамблеяў». Як паведамляе Міжнароднае францускае радыё, удзельнікі абмяркоўваюць магчымасці структурнай арганізацыі гэтага стыхійнага руху.
svaboda.org