«Новая газета» апублікавала доказы пазасудовых пакаранняў смерцю ў Чачні

Чачэнскія сілавікі перад пазасудовымі карамі ў студзені 2017 году прымусілі некалькіх затрыманых на камеру прысягнуць «Ісламскай дзяржаве», а затым адмовіцца ад яе. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні расійскай «Новай газеты».

content_001_milsh992.jpg

У першай частцы расследавання выданне апісвае дакументы чачэнскага МУС, якія сведчаць аб тым, што шэраг загінулых былі затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў, хоць паводле афіцыйнай версіі гэтага не адбывалася, прэпаруе расследаванне расійскіх калег «Свабода».

Пра тое, што ў Чачні ў ноч на 26 студзеня 2017 году былі расстраляныя 27 затрыманых, «Новая газета» паведаміла летам таго ж году. Забітых, як пісала выданне, затрымалі падчас спецапэрацый пасля нападу на паліцыянтаў у Грозным 17 снежня і ўтрымлівалі на тэрыторыі палку патрульна-паставой службы імя Ахмата Кадырава.

У красавіку 2017 году «Новая газета» перадала СК спіс з 30 забітых жыхароў Чачні. Следчыя пацвердзілі гібель чатырох чалавек. Двух чалавек яны выявілі жывымі і прад’явілі іх упаўнаважанай па правах чалавека пры прэзідэнце РФ Таццяне Маскальковай. Але на самой справе гэта былі родныя браты забітых у студзені 2017 году Махмы Мускіева і Шамхана Юсупава, якіх вымусілі пайсці на падман.

Яшчэ тры чалавекі са спісу «Новай газеты» былі затрыманыя, зазналі катаванні і загінулі ў выніку арганізаванай у Чачні ў канцы лютага 2017 году кампаніі супраць мясцовай ЛГБТ-супольнасьці. У дачыненні да астатніх 18 чалавек летам і восенню 2017 году былі распачатыя крымінальныя справы, і ўсе яны былі абвешчаныя ў міжнародны вышук па абвінавачванні ва ўдзеле ў тэрарыстычных фармаваннях на тэрыторыі Сірыі.

У сакавіку 2018 году СК вынес канчатковую адмову ў адкрыцьці крымінальнай справы па заяве «Новай газеты» і больш не вяртаўся да гэтага пытання.

Выданне атрымала службовыя дакументы чачэнскага МУС — табліцы з фота і персанальнымі дадзенымі больш як 160 затрыманых, а таксама звесткі аб выніках аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў чачэнскіх сілавікоў. У гэтых дакументах выданне знайшло амаль усіх асобаў (26 чалавек) са свайго спісу.

Затрыманыя былі сфатаграфаваныя ў некалькіх месцах на вядомым фоне: так, у палку імя Кадырава гэта была альбо сцяна, альбо белы шклопакет з перамычкамі, альбо труба ў кацельні, да якой некаторыя затрыманыя былі прышпіленыя наручнікамі.

Кіраўнікі адпаведных сілавых падраздзяленняў Чачні адмаўлялі, што асобаў са спісу «Новай газеты» наогул калі-небудзь затрымлівалі супрацоўнікі паліцыі. Аднак, напрыклад, у выпуску навінаў дзяржаўнай тэлекампаніі «Грозны» ад 11 студзеня 2017 году быў паказаны адзін з затрыманых напярэдадні жыхароў Чачні па імені Адам Дасаеў. У навінавым сюжэце яго дапытвае асабіста кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, побач з ім у кадры — камандзір палку імя Кадырава Аслан Ірасханаў. У табліцы Адам Дасаеў праходзіць пад нумарам 31.

Таксама ў спісе «Новай газеты» фігуруюць 12 жыхароў Чачні, якімі займаліся супрацоўнікі чачэнскага СОБРу «Церак». Іх затрыманне звязанае з падзеямі 17 снежня 2016 году, калі позна ўвечары ў цэнтры Грознага паліцэйскі патруль расстраляў аўтамабіль, які збіў супрацоўніка ДПС.

20 снежня 2016 году «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за напад у Грозным: на яе сайце быў апублікаваны відэазапіс, на якім 11 чачэнцаў прыносяць прысягу лідэру тэрарыстаў Абу Бакру аль-Багдадзі.

Вывучыўшы аналагічныя відэа, якія прыпісваюцца «Ісламскай дзяржаве», журналісты выявілі тыя, на якіх некаторыя асобы са спісу «Новай газеты» спачатку прысягаюць «Ісламскай дзяржаве», а потым у той жа вопратцы і ў тых жа дэкарацыях выракаюцца яе. Ролікі маюць усе прыкметы пастановачнага відэа, знятага дзеля таго, каб абвясціць загінулых тэрарыстамі, зрабіла выснову выданне.