Новы Сонч: Эксгумацыя савецкіх жаўнераў
Помнік Чырвонай Арміі ў польскім горадзе Новы Сонч будзе разабраны.
Pomnik Armii Czerwonej. fot. Mateusz Skwarczek / Agencja Gazeta
У Новым Сончы пачалася эксгумацыя астанкаў савецкіх жаўнераў з магілы каля помніка Чырвонай Арміі. Працы адбываюцца па згодзе расійскіх улад.
Эксгумацыя праходзіць пад наглядам археолага і антраполага. Астанкі будуць даследаваныя, а ў жніўні пройдзе ўрачыстае перапахаванне на мясцовых камунальных могілках. Помнік Чырвонай Арміі будзе разабраны, а магільная дошка будзе перададзена ў музей.
«Гэта гістарычны момант для горада, паколькі нарэшце з яго мапы знікне сімвал савецкай акупацыі. Мы не можам праслаўляць агрэсара, які прычыніўся да смерці нашых землякоў», — мяркуе старшыня Польскага гістарычнага таварыства ў Новым Сончы Лешэк Закшэўскі.
Разабраць помнік гадамі патрабавалі ветэраны. Пасля шматлікіх дэманстрацый і заклікаў, летась з манумента былі знятыя савецкія эмблемы.
Помнік Чырвонай Арміі пастаўлены ў Новым Сончы пасля завяршэння ІІ Сусветнай вайны. Праз год яго падарвалі змагары падполля. Помнік, аднак, адбудавалі.