Украіна. У Арцёмаўску знеслі помнік Арцёму

У Данецкай вобласці знеслі помнік Арцёму, у гонар якога названы горад Арцёмаўск. Таксама ў горадзе дэмантуюць скульптуру Леніна, адзначылі ў СМІ.



1651121.jpg

У Арцёмаўску Данецкай вобласці знеслі помнік бальшавіку Арцёму (Фёдару Сяргееву), у гонар якога названы горад. Пра гэта паведаміла мясцовае выданне 06274.com.ua.

Помнік рэвалюцыянеру быў усталяваны ў 1959 годзе, а 9 ліпеня яго знеслі ў адпаведнасці з законам аб дэкамунізацыі.

Арцём з'яўляўся членам РСДРП (б), заснавальнікам Данецка-Крыварожскае савецкай рэспублікі. Акрамя таго, ён быў блізкім сябрам рэвалюцыянераў Сяргея Кірава і Іосіфа Сталіна.

Па дадзеных выдання, таксама ў Арцёмаўску дэмантуюць помнік Леніну.

Да гэтага ў сакавіку 2014 года мэр горада Аляксей Рэва заяўляў, што лёс помнікаў Леніну і Арцёму мясцовыя ўлады вырашылі яшчэ ў 1991 годзе.

"Калі мы праводзілі рэферэндум па перайменаванні горада, 90% насельніцтва пацвердзілі, што хочуць жыць у Арцёмаўску, і толькі 10% падтрымалі ідэю вяртання назвы Бахмут, — сказаў Рэва. — Не я гэтыя помнікі будаваў і не мы з вамі, таму яны стаялі, стаяць і будуць стаяць. Гэта наша гісторыя і гісторыя нашых продкаў".

Таксама Рэва казаў, што помнік Леніну не будуць агароджваць. "Як бы мы ні ставіліся да Савецкага Саюзу і камуністычнай партыі, там была народная ідэя і выдатная падрыхтоўка кадраў, чаго няма ў сучаснай Украіне", — адзначыў кіраўнік горада.

Паводле korrespondent.net