Пад ўрачысты марш КНДР паказала, як будзе бамбіць ЗША

Паўночная Карэя выпусціла чатырохвілінны прапагандысцкі відэаролік, у якім мадэлюецца ядзерны ўдар па Вашынгтоне. У роліку гучыць папярэджанне «амэрыканскім імпэрыялістам» не правакаваць КНДР.



70_main_ukr.jpg

У матэрыяле пад назвай «Апошні шанс» апісваецца гісторыя ўзаемаадносін ЗША і КНДР і дэманструюцца магчымасці паўночнакарэйскай арміі, паведамляе Радыё Свабода. Відэа завяршаецца пускам балістычнай ракеты, якая нібыта падае на Вашынгтон, і кадрамі палаючага сьцяга ЗША. У выпадку правакацый з боку ЗША «мы без ваганняў здзейснім прэвентыўны ядзерны ўдар», гаворыцца ў субтытрах да відэа.

16 сакавіка Белы дом паведаміў пра санкцыі, уведзеныя супраць КНДР пасля рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН, у якой асуджаюцца ядзерныя выпрабаванні. Рэзалюцыя прадугледжвае забарону на імпарт з КНДР вугалю, жалезнай руды, каштоўных металаў, а таксама эмбарга на пастаўкі ў гэтую краіну ўсіх відаў авіяцыйнага паліва.

У апошнія гады ЗША і іншыя краіны Захаду ўвялі шэраг санкцыяў супраць Паўночнай Карэі, патрабуючы скараціць ядзерную праграму, але Пхеньян не звяртаў увагі на гэтыя патрабаванні.

У суботу, 26 сакавіка, лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын прыгразіў нападамі па Паўднёвай Карэі, паставіўшы краіне-суседцы ўмову — публічнае прабачэнне першых асоб краіны за "здраду".
Нагадаем, што палітычны рэжым у Паўночнай Карэі трымае сваіх суграмадзян за нейкім аналагам савецкай жалезнай заслоны. Нядаўна амерыканскага студэнта Ота Уормбіра ў КНДР прысудзілі да 15 гадоў зняволення з катаржнымі працамі. Яго віной стала тое, што ён сарваў плакат з палітычным лозунгам, размешчаны на сцяне гатэля.