Падзенне Су-34 на жылы дом у расійскім Ейску: колькасць ахвяр узрасла

У выніку падзення бамбардзіроўшчыка Су-34 у горадзе Ейску ў Краснадарскім краі, паводле апошніх даных, загінулі 13 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, паведамляюць улады. Пры падзенні ваенны самалёт зачапіў дзевяціпавярховы жылы дом. Ратавальнікі завяршылі разбор завалаў да раніцы, распавядае BBC.

_127228252_yeisk_1tass.jpg.webp

«Паводле даных МНС, пасля разбору завалаў у Ейску на месцы крушэння самалёта знойдзены целы загінулых. Па стане на 6:00 18 кастрычніка ў выніку крушэння 13 чалавек загінулі, у тым ліку трое дзяцей», — заявіў памочнік міністра аховы здароўя Расіі Аляксей Кузняцоў. Да гэтага ўлады паведамлялі аб чатырох ахвярах катастрофы бамбардзіроўшчыка. 19 чалавек атрымалі раненні.

Напярэдадні ўвечары ў горадзе Ейску ў Краснадарскім краі знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-34 зваліўся ў жылым масіве. Ён зачапіў падчас падзення дзевяціпавярховы жылы дом. Прычынай крушэння Міністэрства абароны РФ назвала ўзгаранне аднаго з рухавікоў самалёта.

«Самалёт пры падзенні стукнуўся аб дом, разбурыўся, пры гэтым разлілося гаручае. Як такога выбуху не было, таму што побач стаяць будынкі, у якіх ацалелі нават шыбы. Ніякага выбуху не было, ёсць пашкоджанне дома, яно характэрнае, усё зразумела», — сказаў журналістам кіраўнік МНС Расіі Аляксандр Куранкоў.

Паводле інфармацыі ваеннага ведамства, самалёт выконваў вучэбна-трэніровачны палёт з ваеннага аэрадрома і пацярпеў крушэнне пры наборы вышыні.

Экіпаж паспеў катапультавацца.

Плошча пажару, паводле звестак ратавальнікаў, склала каля дзвюх тысяч квадратных метраў. Пажар цалкам ахапіў адзін з пад'ездаў дзевяціпавярховіка.

«Абрынуліся перакрыцці з дзявятага па пяты паверхі. Агонь ахапіў пад'езд цалкам, пашкоджаны ў той ці іншай ступені каля 45 кватэр», паведамілі ў панядзелак у пажарнай службе.

Да 22 гадзін у панядзелак пажар быў патушаны, у аўторак да 4 гадзін раніцы быў завершаны разбор завалаў.