Паглядзіце, як у ЗША рыхтуюцца да ўрагану «Мілтан», які можа стаць адным з самых разбуральных у гісторыі
Не прайшло і двух тыдняў пасля таго, як на амерыканскі штат Фларыда абрынуўся ўраган «Хелен», які стаў самым смяротным у ЗША за апошнія 19 гадоў, як зараз сюды набліжаецца ўраган «Мілтан».
Больш за мільён жыхароў штата атрымалі распараджэнне эвакуіравацца перш, чым шторм наблізіцца да сушы ў раёне горада Тампа. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ужо адклаў паездку ў Германію, дзе павінен быў сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім і аб'явіць аб новым пакеце дапамогі Украіне, і Анголу, каб пракантраляваць падрыхтоўку да ўрагану "Мілтан" і меры рэагавання на яго, піша «Люстэрка».
Паглядзіце, як амерыканскі штат рыхтуецца да прыходу другога наймацнейшага ўрагану за два тыдні.
Цяпер «Мілтан» крыху аслабеў, але яго сіла па-ранейшаму ацэньваецца як 5-я катэгорыя па шкале Сафіра-Сімпсана, паведамляе Нацыянальны цэнтр ЗША па адсочванні ўраганаў (NHC). Хуткасць ветру дасягае 250 кіламетраў (160 міль) за гадзіну. Чакаецца, што ў момант выхаду на сушу шторм будзе мець статус буйнога ўрагану і прынясе вельмі моцныя дажджы і магутныя вятры на большую частку паўвострава Фларыда.
Чакаецца, што «Мілтан» абрынецца на тэрыторыю горада Тампа ўжо сёння, а затым і на большую частку Фларыды. З-за меркаванага шляху ўрагану ў глыбіні штата зачыненыя некаторыя з самых буйных і любімых турыстамі славутасцяў, у тым ліку ўсе чатыры асноўныя тэматычныя паркі Walt Disney World.
Тым часам наступствы «Мілтана» ужо бачныя ў Мексіцы і на Кубе — там ураган прывёў да маштабных паводак.