«Пандора» не дапамагла. У Чэхіі завяршыліся парламенцкія выбары
8–9 кастрычніка Чэхія абірала новы парламент. Згодна з данымі экзітпола, пакуль перамагае рух «Акцыя незадаволеных грамадзян» (АNО), які ўзначальвае алігарх і прэм'ер Андрэй Бабіш.
Пасля першых апытанняў у ANO 30 адсоткаў галасоў, што на парадак больш, чым у галоўных канкурэнтаў — ліберальна-кансерватыўнага блока Spolu (Разам), які мае прыкладна 24 працэнты. Бронза ў Пірацкай партыі — 13 адсоткаў. Чацвёртае месца акупуе рух еўраскептыкаў «Свабода і прамая дэмакратыя» з 10 адсоткамі. Іншыя партыйныя праекты змагаюцца за пераадоленне прахаднога бар'ера. Хаця канчатковых лічбаў трэба яшчэ пачакаць, хутчэй за ўсё, Бабіш пойдзе на другую кадэнцыю.
З улікам папярэдніх «дасягненняў» яго кабінета, вынікі галасавання падаюцца трошкі дзіўнымі. Урад Бабіша распісаўся ў няздольнасці змагацца з пандэміяй Covid-19. У Чэшскай Рэспубліцы адзін з самых высокіх узроўняў інфікавання ў Еўропе — больш за 15 адсоткаў насельніцтва, а колькасць смерцяў пераваліла за 30 000 выпадкаў (пры колькасці жыхароў крыху меншай за 10,7 мільёна чалавек).
Акрамя таго, у дачыненні да Бабіша неаднаразова вылучаліся абвінавачанні ў карупцыі. Апаненты сцвярджаюць, што ён краў нават сродкі ЕС. Некалькі месяцаў таму Еўрапарламент прагаласаваў за ўзбуджэнне крымінальнай справы з гэтай нагоды.
Тым не менш ядзерны электарат Бабіша застаўся яму верны. Яны ўпарта бачаць у ім альтэрнатыву карумпаванаму класу палітыкаў.
Менавіта з такім іміджам Бабіш, дарэчы, выйграў папярэднія выбары. Да гэтых выбараў яго рэнамэ трошкі мадэрнізавалі. Правадыр ANO паўстаў у вобразе мужнага абаронцы чэхаў ад нашэсця ордаў мігрантаў. У сувязі з гэтым некаторыя аглядальнікі нават падазраюць, што Бабіш скраў піяр-тэхналогіі ў свайго венгерскага калегі, прэм'ера-папуліста Віктара Орбана.
А вось абзац у праграме, прысвечаны «сацыялцы», Бабіш, верагодна, сплагіяціў у польскіх кансерватараў з партыі Права і Справядлівасць (PiS). Падобна на праграму PiS, выбарчы маніфест ANO абяцаў павышэнне пенсіі і льготаў для бацькоў, забарону прыватызацыі ў сферы аховы здароўя.
Нарэшце, штаб Бабіша актыўна гуляў на вечнай антыпатыі жыхароў правінцыі і метраполіі. Прэм'ер-алігарх у сваіх выступах актыўна рэкламаваў звычайных правінцыйных грамадзян як эталон сапраўднага чэха, чэха, які пасля працы смокча піва ў бары, не хоча, каб яго дзеці маглі выбіраць з «58 гендараў», не збіраецца вырашаць праблему расізму ў ЗША і г. д.
Асаблівае месца ў прапагандзе ANO адводзілася нападам на леваліберальную Пірацкую партыю, якая ўнесла ў выбарчыя дэбаты тэмы правоў мігрантаў, гендарнай роўнасці і г. д. Хоць у апошнюю фазу кампаніі піраты пазбягалі радыкальнай рыторыкі, Бабіш упарта працягваў называць іх «левымі радыкаламі», якія мараць навязаць Чэхіі «гендарную ідэалогію».
Нельга не адзначыць яшчэ адзін цікавы фрагмент выбарчай гонкі. Літаральна за тыдзень да галасавання Андрэй Бабіш стаў адным з фігурантаў расследавання «Дасье Пандоры». Паводле апублікаваных дакументаў, яшчэ ў 2009 годзе ён праз афшорныя кампаніі вывеў сродкі і набыў замак плюс яшчэ паўтара дзясятка аб'ектаў элітнай нерухомасці на поўдні Францыі.
«Пандора» выклікала ў некаторых надзеі на эрозію лагера прыхільнікаў Бабіша, які складаў траціну чэшскага электарату. Як бачым па выніках галасавання, гучны кампрамат практычна не паўплываў на светапогляды бабішафілаў. Можна казаць, што ў Чэхіі склаўся электаральны гегемон (30–40 адсоткаў выбаршчыкаў), які гатовы галасаваць за папулісцкія праекты. Гэта цяпер норма. Не выключана, што на гэты сегмент у будучым будуць арыентавацца і іншыя партыі.
Таму галоўны вынік выбараў — не фармат будучага кабінета, які цяпер пачне фарміраваць Бабіш, а тое, што Чэхія, хоць і не хутка, дрэйфуе да мадэляў Польшчы і Венгрыі.