Папа Рымскі згодны пазбаўляць сану епіскапаў, якія пакрываюць педафілаў

Папа Рымскі Францыск падпісаў рэскрыпт, які прадугледжвае пазбаўленне сану епіскапаў у выпадку праявы імі «халатнасці» ў дачыненні да фактаў гвалту над непаўналетнімі.

papa_1.jpg


«Я хачу падкрэсліць, што халатнасць з боку епіскапаў у выкананні імі іх функцый, асабліва ў дачыненні да фактаў сэксуальнага дамагання да дзяцей і да дарослых, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, уваходзіць у лік сур'ёзных прычын [для пазбаўлення епіскапа сану]», — гаворыцца ў папскім указе.

Як заявіў афіцыйны прадстаўнік Ватыкана Федэрыка Ламбардзі, рашэнне аб звальненні епіскапа пантыфік будзе прымаць пры дапамозе адвакатаў. Толькі для гэтых мэтаў у Ватыкане ствараецца асобны адвакацкі корпус.

Царква «любіць усіх сваіх сыноў, але асабліва рупліва абараняе тых, хто слабы і безабаронны», — гаворыцца ў рэскрыпце, які мае статус Motu proprio (лат: «па ўласнай ініцыятыве»).

Ватыкан у мінулым неаднаразова апыняўся ў цэнтры скандалу з-за абвінавачванняў у гвалтаванні малалетніх у адрас асобных служыцеляў Каталіцкай царквы.

Святароў у многіх выпадках не пазбаўлялі духоўнага сану, а пераводзілі ў іншыя парафіі.

Год таму Ватыкан стварыў спецыяльны трыбунал, у задачы якога ўваходзіць разгляд спраў епіскапаў, якія спрабуюць схаваць праўду пра сэксуальныя злачынствы супраць дзяцей з боку падначаленых.

ПаводлеBBC