Патрыярх Варфаламей заклікаў праваслаўныя цэрквы свету прызнаць украінскую аўтакефалію

Патрыярх Канстантынопальскай царквы Варфаламей апублікаваў зварот да праваслаўных цэркваў свету напярэдадні падпісання томасу аб аўтакефаліі для Украінскай праваслаўнай царквы, піша «Радыё Свабода».

Патрыярх Канстантынопальскай царквы Варфаламей.

Патрыярх Канстантынопальскай царквы Варфаламей.

Патрыярх заклікае ўсіх праваслаўных свету прызнаць новую ўкраінскую царкву незалежнай. Зварот апублікаваны на афіцыйным сайце Канстанцінопальскага патрыярхату.

У лісце нагадваецца, што 6 студзеня ў Стамбуле Варфаламей уручыць томас аб аўтакефаліі новаму мітрапаліту Кіеўскаму Епіфанію. Патрыярх мае намер падпісаць дакумент днём раней. У сувязі з гэтым ён просіць праваслаўныя царквы прызнаць украінскую аўтакефалію і згадваць мітрапаліта Кіеўскага ў малітвах ва ўсіх праваслаўных храмах.

«Калі мы праігнаруем жаданне нашых братоў, якія ў роспачы перажываюць падзеі ва Украіне, мы пазбавімся якога-небудзь апраўдання ў Судны дзень перад нашым Госпадам», — напісаў патрыярх Варфаламей у звароце.

Удакладняецца, што на просьбу прызнаць аўтакефалію Украінскай праваслаўнай царквы раней адмоўна адказала Польская праваслаўная царква, а Антыахійская царква не цалкам згодная з рашэннем.

У цырымоніі ўручэння томасу аб аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы возьме ўдзел прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

15 снежня ў Кіеве прайшоў сабор, на якім у новую структуру аб’ядналіся Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП) і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква. На іх базе была створана новая памесная праваслаўная царква, якая адносіцца да Канстантынопальскаму патрыярхату.

Мітрапалітам Кіеўскім новай царквы стаў 39-гадовы біскуп Епіфаній.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка павітаў стварэнне новай царквы, назваўшы рашэнне сабору гістарычнай падзеяй. У сваю чаргу ў Крамлі лічаць, што рашэнне аб аўтакефаліі для ўкраінскай царквы — вынік «раскольніцкай дзейнасці» і ўмяшання ўкраінскіх уладаў у царкоўныя справы. Супраць аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы таксама выступае Расейская праваслаўная царква.