Politico назваў Зяленскага самым уплывовым еўрапейцам, а Пуціна — няўдачнікам года
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі стаў самым уплывовым чалавекам Еўропы ў 2022 годзе паводле версіі выдання Politico.
«Зяленскі — асоба, якой Еўропа стала не толькі давяраць, але і захапляцца і браць пад увагу. Толькі паглядзіце, як еўрапейскія лідары бягуць у Кіеў, каб сфатаграфавацца з урачыстым 44-гадовым мужчынам у яго цяпер культавай аліўкава-зялёнай футболцы. Палітыкі стаяць побач з ім — і прагнуць быць заўважанымі. Зяленскі пераканаў астатнюю Еўропу ў тым, што яе будучыня звязаная з Украінай — у гэта мала хто верыў да ўварвання Расіі ў лютым», — гаворыцца ў матэрыяле, прысвечаным Зяленскаму.
Зяленскі здолеў «прымусіць Еўропу рабіць тое, што ён хоча. Калі ён хоча зброі, ён яе атрымлівае, нават калі гэта азначае адмену даўняй палітыкі Германіі не прадаваць яе. Калі ён хоча санкцый, ён іх атрымлівае, нават калі гэта азначае, што Еўропа перажывае энергетычны крызіс і цяжкую зіму з завоблачнымі цэнамі на газ... Яму ўдалося нават узнавіць замарожанае з 2013 года ўступленне краіны ў Еўрасаюз», піша выданне і дадае, што лідарства Зяленскага азначае і тое, што «любыя ўнутраныя праблемы Украіны — шырока распаўсюджаная карупцыя, слабая эканоміка, сацыяльныя падзелы паміж украінамоўнымі і рускамоўнымі — застаюцца без увагі».
У звароце, запісаным для Politico, прэзідэнт Украіны падзякаваў грамадзянам краіны, якія адстойваюць сваю незалежнасць, а таксама «ўсім нашым сябрам у Еўропе, якія дапамагаюць нам падтрымліваць стабільнасць». «Я веру, што ўкраінцы будуць самымі ўплывовымі і ў наступным годзе, але ўжо ў мірны час», — дадаў Зяленскі.
Усяго ў рэйтынг самых уплывовых людзей Еўропы 2022 года выданне Politico ўключыла 28 палітыкаў. Сярод іх згадваецца прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, якога выданне абвясціла «няўдачнікам года».
«Мара Уладзіміра Пуціна аб Вялікай Расіі наўрад ці ажыццявіцца. Яго поўнамаштабнае наступленне на Украіну стала развальвацца амаль гэтак жа хутка, як і пачалося... Яно скінула Расію да краіны трэцяга ўзроўню, што не здольная перамагчы праціўніка, якога яна недаацэньвала і якім пагарджала, — пішуць аўтары Politico. — Упартасць Пуціна азначае, што вайна, хутчэй за ўсё, зацягнецца... Няздольнасць Пуціна ажыццявіць сваю мару не азначае, што ён больш не будзе кашмарам для сваіх суседзяў».
У пачатку снежня прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага абвясцілі Чалавекам года амерыканскі часопіс Time і брытанская газета Financial Times.
Паводле www.politico.eu, meduza.io