Польшча. Дэпутаты купляюць, што хочуць

Таксі, гаджэты, намёты — штодзённая газета "Rzepospolita" праверыла, што купляюць дэпутаты за дзяржаўныя грошы.



a6cdbc14_3197_4306_bba3_ff87a82bef1d.jpg

39900 злотых ($13,3 тыс.) выдаў у 2013 годзе былы міністр транспарту Славамір Новак на тэлекамунікацыйныя паслугі. 14 900 злотых (амаль $5 тыс.) патраціла на таксі Крыстына Паўлoвіч з партыі "Права і справядлівасць". Іншыя дэпутаты зa дзяржаўныя сродкі набылі ўвільгатняльнік, кішэнны праектар і палатку.


Дэпутацкія офісы атрымліваюць з Канцылярыі Сейму 12150 злотых ($4050) штомесяц, гэта амаль $50 тысяч у год. Да канца студзеня яны павінны былі прадставіць справаздачы аб выдаткаваных сродках за 2013 год. 

Многія дэпутаты значныя сумы выдаткоўваюць на зарплаты офісным працаўнікам, а некаторыя не заплацілі людзям нічога. Надзвычай шчодрым, як аказалася, быў лідар "Права і справядлівасці" Яраслаў Качыньскі, які на заробную плату для персаналу прызначыў 114300 злотых ($38 тыс.). І супрацьлегласць яму — Славамір Новак ("Грамадзянская платформа"), Патрык Які ("Салідарная Польшча") і Дарота Арцішэўска-Мелеўчык ("Права і справядлівасць") — яны карыстаюцца працай студэнтаў, якія хочуць такім чынам здабыць практыку. 

Увагу прыцягвае яшчэ адна катэгорыя выдаткаў парламентарыяў — кошты паліва для легкавых аўтамабіляў. Тут нормы вельмі ліберальныя, максімальна на паліва можна прызначыць 35100 злотых у год. Многія дасягнулі гэтую суму. 

Шмат дэпутаты выдаткавалі на тэлекамунікацыйныя паслугі, якія ўключаюць у сябе, апроч тэлефонных размоў, кошт доступу да сеціва і адміністраванне вэб-сайту. У прыватнасці, міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі прызначыў на свой сайт ажно 10900 злотых (больш за $3600).

"Rzepospolita" прыводзіць яшчэ некалькі цікавых прыкладаў дэпутацкіх выдаткаў. Былы кіраўнік Міністэрства фінансаў Яцэк Растоўскі ("Грамадзянская платформа") купіў, у прыватнасці, кававарку за 919 злотых ($300), а Агнешка Памаска ("Грамадзянская платформа") — кішэнны праектар за 885 злотых. Увільгатняльнік паветра для офісу за 699 злотых ($230) набыў дэпутат Адам Гофман. А вось міністр па пытаннях роўнасці Агнешка Казлоўска-Раевіч ("Грамадзянская платформа") нават патлумачыла журналістам, навошта набыла палатку за 855 злотых. 

Гэта звычайны навес, пад якім мы ставілі столік для таго, каб, напрыклад, раздаваць друкаваную інфармацыю аб арганізаваным мерапрыемстве.

Гэтыя ды іншыя прыклады пакупак парламентарыяў, карыстаючыся прынцыпам празрыстасці дзяржаўных выдаткаў, прыводзіць газета "Rzepospolita". 
 

radyjo.net