Польшча перагледзіць план мадэрнізацыі войска

Мадэрнізацыя павінна прывесці да таго, каб краіна была гатовая адказаць на магчымыя пагрозы.



ai_184497_aux_head_armija_polshy_360.jpg

У большасці дэпартаментаў Міністэрства абароны Польшчы новае кіраўніцтва, якое ўзначальвае міністр абароны Антоні Мацэрэвіч, праводзіць аўдыт. Таксама плануецца перагледзець планы мадэрнізацыі войска, якія засталіся ад папярэдняга ўрада, інфармуе «Радыё Польшча».
«У першую чаргу, варта перагледзець планы пакупак узбраення і тэхнікі», — падкрэслівае намеснік міністра абароны Барташ Каўнацкі.
З ягоных слоў, мадэрнізацыя павінна прывесці да таго, каб краіна была гатовая адказаць на магчымыя пагрозы цягам некалькіх наступных гадоў.
Каўнацкі таксама падкрэслівае, што ў перагледжаным працэсе мадэрнізацыі войска, у першую чаргу, возьме ўдзел польская абаронная прамысловасць.
Адзначым, што 17 снежня паміж дзяржавай і польскай кампаніяй PIT-RADWAR SA была падпісаная дамова на пастаўку 77 батарэй супрацьпаветранай абароны POPRAD коштам больш за 1 мільярд злотых (амаль 250 мільёнаў еўраў).
Таксама адзначым, што новае кіраўніцтва Мінабароны Польшчы ставіць пад сумнеў выбар папярэдняга ўрада на карысць амерыканскіх зенітна-ракетных сістэм «Patriot» і французскіх верталётаў Airbus.
Паводле Хартыі'97