Польскі парапланерыст надалей знаходзіцца ў Беларусі
Парапланерыст з Беластока, які на параплане нелегальна перасёк польска-беларускую мяжу, па-ранейшаму знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
Беларускі памежны камітэт ужо прыняў рашэнне пра дэпартацыю і штраф у памеры 450 базавых велічынь. Штраф аплачаны, аднак 26-гадовы беластаччанін па-ранейшаму не перададзены польскай памежнай
службе, паведаміў генеральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч.
«Быў прадстаўлены нейкі аргумент, якога я не разумею з пункту гледжання польскай працэдуры, што сёння няма начальніка адрэзка мяжы палкоўніка Маластова. Ня ведаю, толькі начальнік можа
падпісаць рашэнне? Ніхто яго не замяшчае? Не разумею гэтага», — сказаў генконсул.
26-гадовы беластоцкі парапланерыст быў затрыманы па беларускім баку мяжы ў раёне вёскі Нязбодзічы ў Свіслацкім раёне. Паводле маладога чалавека, ён у паветры згубіў арыентаванне па мясцовасці і
апынуўся ў Беларусі.
Паводле беларускай службы Польскага радыё