Польскі ўрад ўзначаліла Ева Копач

Польскі ўрад ўзначаліла 58-гадовая Ева Копач. Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі прызначыў яе новым прэм'ер-міністрам і даручыў сфармаваць новы ўрад. Да гэтага прызначэння Эва Копач займала пасаду спікера сейма Польшчы, 



fot_pap_radek_pietruszka_pap_radek_pietruszka.jpg

Ранейшы кіраўнік урада Польшчы Дональд Туск падаў у адстаўку пасля нядаўняга абрання на пасаду старшыні Еўрапейскага савета.

Кандыдатуру Евы Копач на пасаду прэм'ер-міністра вылучыла кіруючая ў Польшчы ўрадавая кааліцыя, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ліберальнай партыі "Грамадзянская платформа" і Польскай сялянскай партыі.

Ева Копач нарадзілася ў польскім горадзе Скарышаў. Лекар па адукацыі, працавала педыятрам і лекарам агульнай практыкі. З 2007 па 2011 гады займала пасаду міністра аховы здароўя. Была дэпутатам парламента чатырох скліканняў, з 2011 года — спікерам сейма Польшчы. У "Грамадзянскай платформе"  — з 2001 года, у снежні 2013 года была абраная першым намеснікам старшыні кіруючай партыі.

Прызначэнне новага ўрада павінна адбыцца 22 верасня.

БелаПАН