Польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі расследуе справу аб катаваннях палякаў у Беларусі

Адвакат пацярпелых хоча дамагацца адказнасці для беларускіх уладаў.

Вітольд Дабравольскі і Каспер Сеніцкі

Вітольд Дабравольскі і Каспер Сеніцкі


Польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі дапытала сведак у сувязі з расследаваннем справы аб затрыманні, збіванні і катаванні трох палякаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Сярод дапытаных ёсць супрацоўнікі беларускіх сілавых ведамстваў. Яны былі сведкамі катаванняў палякаў. Іх паказанні каштоўныя, таму што яны раскрываюць механізмы, якія выкарыстоўваюцца ўладамі ў Мінску ў дачыненні да пратэстоўцаў, дапамагаюць высветліць, як выглядала сістэма выдачы загадаў, піша выданне rmf24.pl.

У справе пастаянна з’яўляюцца новыя доказы. Здарэнне ў Беларусі з удзелам палякаў атрымалася прайграць амаль штохвілінна.

Усе сілавікі, як адзначае выданне, праходзяць праверку. Некаторыя з іх усё яшчэ працуюць на рэжым.

Упаўнаважаны па катаваннях хоча падоўжыць разбіральніцтва

Як сказаў адвакат Томаш Віліньскі, яго мэта — «дамагчыся прад’яўлення абвінавачванняў і накіравання абвінаваўчых актаў у дачыненні да супрацоўнікаў беларускіх сілавых службаў і тых, хто аддаваў загады».

Адвакат не каментуе мінулыя слуханні з-за таямніцы следства. Паводле яго слоў, у супрацоўніцтве з праваабарончымі арганізацыямі і пацярпелымі з іншых краін ён хацеў бы дамагчыся пашырэння разбору. Мэта ў тым, каб паказаць, што беларускія ўлады здзейснілі злачынства, якое выяўляецца ў кіраўніцтве арганізаваным злачынным аб’яднаннем узброенага характару, у склад якога ўваходзілі супрацоўнікі МУС, КДБ, АМАПу, міліцыі.

Адвакат удакладняе, што гаворка ідзе пра доказы здзяйснення службовымі асобамі рэжыму злачынстваў супраць свабоды, і прымянення катаванняў у дачыненні да мірнага насельніцтва.

Расследаванне па справе аб затрыманні, збіцці і катаванні трох палякаў у Беларусі польская пракуратура пачала ў верасні.

Трое мужчын адразу пасля вяртання з Беларусі прайшлі дэталёвае абследаванне і іх траўмы былі пацверджаныя на судова-медыцынскай экспертызе.

Сярод затрыманых палякаў у Беларусі былі Вітольд Дабравольскі і Каспер Сеніцкі. 14 жніўня яны вярнуліся на радзіму — прызямліліся ў Варшаўскім аэрапорце Шапэна пасля таго, як іх выпусцілі з мінскага СІЗА дзякуючы ўмяшанню польскага МЗС і польскай амбасады ў Беларусі.

Як распавялі Дабравольскі і Сеніцкі, яны былі выкрадзеныя на вуліцы АМАПам у цэнтры Мінска. Мужчыны звярнулі ўвагу, што збіццё пачалося яшчэ пры затрыманні, а потым іх трымалі ў падвале ў спартзале і катавалі больш за 15 гадзін. Абодва адзначалі, што іх польскае паходжанне было прадметам дадатковых рэпрэсій, а патрабаванні запрасіць консула высмейваліся.