Польскія паліцэйскія ў знак пратэсту перасталі выпісваць штрафы

Паліцэйскія ў Польшчы праводзяць акцыю пратэсту, патрабуючы павышэння заробкаў.

Ілюстрацыйнае фота, http://gotopoland.blogspot.com

Ілюстрацыйнае фота, http://gotopoland.blogspot.com

Польскія паліцэйскія сталі больш лагодныя. У 85% выпадкаў парушэння правіл дарожнага руху яны замест штрафу даюць папярэджанне.
Гэта адна з форм супраціўлення паліцэйскіх. Яны выступаюць супраць нізкіх заробкаў. І таму з 10 ліпеня праводзяць акцыю “папярэджанне замест штрафу”, паведамляе radyjo.net са спасылкай на Rzeczpospolita.
Для параўнання: у першай палове года было зроблена толькі 10% папярэджанняў, а рэшта — штрафы. Цяпер жа колькасьць папярэджанняў дасягнула 90%.
У абсалютных лічбах сітуацыя выглядае так. Калі перад акцыяй пратэсту ў Польшчы паліцэйскія штодня выпісвалі 10 тыс. штрафаў, то цяпер — толькі 2 тыс.
Паліцэйскія тлумачаць, што больш лагодна ставяцца толькі да дробных парушэнняў: пераходу дарогі ў неналежным месцы, гучнай музыкі ўначы, да невялікага перавышэння хуткасці, паркоўкі ў месцы, дзе гэта не дазволена.
А п’яных вадзіцеляў і “дарожных піратаў” караюць па-ранейшаму строга. Нават даводзяць справу да пракуратуры. Злосным парушальнікам парадку на дарогах паліцэйскія не патураюць.
Здараліся і такія інцыдэнты, як у горадзе Рыбніку, дзе паліцэйскі даў злодзею толькі папярэджанне, калі затрымаў таго са скрадзеным у супермаркеце дрылем. Інструмент каштаваў 170 злотых. Але злодзей патлумачыў, што не мае на што жыць. І паліцэйскі з яго злітаваўся.
Паліцэйскія працягваюць акцыю пратэсту. Яны патрабуюць павышэння заработнай платы — на 650 злотых у наступным годзе і на 500 злотых у 2020 годзе, а таксама больш выгадных умоў выхаду на пенсію.