Польшча. Анджэй Дуда абяцае 260 еўра кожнаму, хто страціў працу з-за каранавіруса
Польскі лідар таксама заявіў, што мае намер паўплываць на банкі, каб на час пандэміі зрабіць адтэрміноўкі сплаты палякамі крэдытаў.
У вёсцы Шэлігі недалёка ад Варшавы праходзіць выбарчая канвенцыя Анджэя Дуды, падчас якой дзейсны прэзідэнт прэзентуе сваю праграму на другі тэрмін паўнамоцтваў. На мерапрыемстве Дуда заявіў, што Польшча павінна быць краінай, якая зможа абараняць слабых і не баяцца моцных.
Прадстаўляючы сваю праграму, Анджэй Дуда паабяцаў павысіць дапамогу па беспрацоўі да 1300 злотых (каля 290 еўра), а таксама абвясціў стварэнне праграмы, накіраванай на дапамогу грамадзянам, якія страцілі працу ў выніку эпідэміі каронавіруса. Дапамога ў памеры 1200 злотых (крыху больш за 260 еўра) выплачвалася б штомесяц цягам трох месяцаў.
Польскі лідар таксама заявіў, што мае намер паўплываць на банкі з мэтай адтэрміноўкі сплаты палякамі крэдытаў на час пандэміі.
Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы запланаваныя на 10 траўня.