Польшча. Поліэтыленавыя пакеты дапамогуць змагацца са смогам
З новага году ў Польшчы дзейнічае падатак на аднаразовыя поліэтыленавыя пакеты.
Аднаразовыя поліэтыленвавыя пакеты павінны даць штуршок да змагання са
смогам у Польшчы. Паводле Канцылярыі прэм'ера краіны, даход ад уведзенага
сёлета падатку на аднаразовыя пакеты ў крамах будзе прызначаны на барацьбу з
забруджваннем паветра. Гаворка ідзе, напрыклад, пра замену старых катлоў на
больш экалагічныя вугальныя і тэрмамаізаляцыйную мадэрнізацыю будынкаў.
Паводле ацэнкі Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя, у сярэднім паляк выкарыстоўвае ад 200 да 250 аднаразовых пакетаў у год. Тым часам, напрыклад, у Нямеччыне гэты паказчык у тры разы меншы, а ў Даніі — у пяцьдзесят.
Кіраўнік польскага ўраду спадзяецца, што з 2018 года дзякуючы аплатам за ўтылізацыю ў дзяржаўны бюджэт паступіць больш за 48 мільёнаў еўра (каля 200 мільёнаў злотых). Гэтыя сродкі, паводле яго, будуць поўнасцю прызначаныя на барацьбу за экалогію.
Паводле экспертаў, гэта крок у правільным напрамку, але на барацьбу са смогам трэба значна больш фінансавых сродкаў.
Калі б урад хацеў даплочваць да тэрмамадэрнізацыі ўсіх будынкаў і замены ўсіх старых катлоў, то на гэта трэба было б знайсці дзясяткі мільярдаў злотых.
Тым часам, як даведалася грамадскае Польскае радыё, буйныя крамы ўжо пачынаюць шукаць спосабы абыйсці новы закон, каб не плаціць падатку.