Правацэнтрысты сустрэліся з беларускай дыяспарай у ЗША
Беларуская дыяспара ў Нью-Ёрку сустрэлася 20 траўня з старшынём АГП Анатолем Лябедзькам, сустаршынём партыі БХД Віталём Рымашэўскім, старшынём Руха "За свабоду" Юрыем Губарэвічам і пісьменнікам, выдаўцом Уладзімірам Сіўчыкавым.

Сустрэча была зарганізавана Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем (БАЗА) і сабрала аўдыторыю прыблізна ў 40 чалавек.
Прадстаўнікі беларускага правацэнтрысцкага руху распавялі прысутным аб тым, што галоўная мэта іх візіту ў ЗША — сустрэча з прадстаўнікамі дзярждэпартаменту ў Вашынгтоне — была паспяхова дасягнута, яны пабачылі, што інфармацыйны пасыл аб становішчы на Беларусі быў пачуты і выказалі ўпэўненасць, што гэта будзе мець неабходны адбітак на міжнароднай палітыцы ў дачыненні рэжыму на Беларусі.

Палітыкі падкрэслілі, што было б лепей, каб сталыя кантакты з амерыканскімі ўладамі падтрымлівала мясцовая дыяспара беларусаў, і выказалі спадзеў, што такое ўзаемадзеянне адновіцца.

Лідары беларускіх партыяў падзяліліся планамі на будучыню, адказалі на ўсе пытанні цікаўных. Адзначылі, што ўдзел у мясцовых і парламенцкіх выбарах разглядаюць як магчымасць наладзіць лепшы кантакт з народам, даведацца пра яго праблемы і дапамагчы ў вырашэнні іх, а таксама як амаль што адзіную магчымасць праводзіць інфармацыйную палітыку. У прэзідэнцкіх выбарах падтрымліваюць ідэю аб'яднання апазіцыйных сілаў і вылучэнне адзінага кандыдата, але не лічаць гэта адзіным слушным сцэнаром, бо ўрэшце рэшт усе залежыць ад волі беларускага народа.
Былі абмеркаваны пытанні немагчымасці правядзення акцыяў і байкотаў у сувязі з новым занокам аб СМІ у Беларусі, адносіны да БПЦ і РПЦ, дэкрэту пра дармаедаў і інш.
Сп. Сіўчыкаў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад падарожжа ў Амерыку, а таксама гісторыямі са свайго пісьменніцкага і выдавецкага жыцця, і прэзентаваў некалькі кніг.
Фота і відэа Віктар Дудараў