Прэзідэнт Венесуэлы «ледзь не памёр ад смеху» пры падзенні з ровара
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура зваліўся з ровара падчас вандроўкі, прымеркаванай да пятай гадавіны заснавання моладзевага руху кіруючай Адзінай сацыялістычнай партыі Венесуэлы. Лідэра партыі Мадура суправаджалі яго жонка і кіраўнік аднаго з раёнаў Каракаса Хорхе Радрыгес.
Як паведамляе Associated Press, Мадура ехаў на чале калоны веласіпедыстаў, трымаючыся за руль адной рукой і вітаючы мінакоў іншай. У нейкі момант ён не справіўся з кіраваннем і ўпаў на асфальт.
Услед за гэтым на дарогу сталі падаць раварысты, якія атачалі яго з усіх бакоў, утварылася звалка, але паведамленняў аб сур'ёзных траўмах не было.
«Я ехаў, размаўляючы з Хорхе, і адпусціў руль, мы сутыкнуліся, але пасля
сутыкнення падняліся, паміраючы ад смеху», —
распавёў Мадура.
«Той, хто падае, няхай падымаецца, а хто падымаецца, няхай ідзе наперад, больш нічога», — дадаў ён.
Канфуз, паказаны ў эфіры мясцовага тэлебачання, выклалі на YouTube.