Прынц Чарльз атрымаў 3 мільёны еўра ад шэйха

Газета Sunday Times сцвярджае, што брытанскі прынц Чарльз некалькі гадоў таму асабіста атрымаў ад катарскага шэйха, былога прэм'ер-міністра гэтай краіны, ахвяраванні ў тры мільёны еўра гатоўкай, якія прыносілі яму ў тры прыёмы ў валізцы і торбах. Канцылярыя прынца запэўнівае, што гэтае ахвяраванне на дабрачыннасць было аформлена як належыць.

czarlz.jpeg


Па дадзеных Sunday Times, прынц Чарльз атрымаў грошы гатоўкай ад шэйха Хамада бін Ясіма ў 2011–2015 гадах. Адзін раз мільён прынеслі ў валізцы, іншы раз — у сакваяжы, а трэці — у торбах з прэстыжнага ўнівермага Fortnum and Mason, які знаходзіцца недалёка ад рэзідэнцыі прынца Чарльза ў цэнтры Лондана.
Канцылярыя Чарльза запэўніла, што гэтыя грошы тут жа былі перададзеныя ў адзін з дабрачынных фондаў прынца, і ўсё было аформлена па законе. Сама Sunday Times таксама не сцвярджае, што закон быў парушаны.
Грошы атрымаў Дабрачынны фонд прынца, які выдае гранты на адукацыю, ахову здароўя і дапамогу бедным. Фонд запэўніў, што яго аўдытары палічылі такога донара, як былы прэм'ер-міністр Катара, цалкам прымальным.
У апошнія месяцы брытанская прэса зацікавілася ахвяраваннямі ў дабрачынныя арганізацыі пад патранажам прынца Чарльза, таму што ў пачатку года лонданская паліцыя абвясціла, што расследуе абвінавачанні ў адрас адной з іх, у тым, што яе супрацоўнікі прапаноўвалі аднаму саудаўскаму прынцу ордэн і грамадзянства.
Канцылярыя прынца Чарльза запэўнівае, што ён нічога пра гэта не ведаў, а фонд, паводле наяўных звестак, усяляк дапамагае следству.
У лістападзе мінулага года ў адстаўку праз гэтыя абвінавачанні сышоў дырэктар фонду, былы слуга прынца Чарльза Майкл Фосэт.
Паводле следства, Фосэт дамаўляўся з нейкімі людзьмі аб прысваенні тытула камандора Ордэна Брытанскай імперыі саудаўскаму мільярдэру Мафузу Марэі Мубараку бін Мафузу.
Следства, зрэшты, не знайшло доказаў таго, што аб гэтай меркаванай афёры ведалі папячыцелі фонду.
Сам мільярдэр адмаўляе, што спрабаваў парушыць закон (у дадзеным выпадку — брытанскі Закон аб узнагароджаннях ад 1925 года).
Ён ахвяраваў дабрачынным фондам каралеўскай сям'і больш за паўтара мільёна фунтаў, меў добрыя адносіны і з прынцамі, і з чальцамі ўрада — і тытул камандора ў выніку атрымаў — асабіста ад прынца Чарльза на закрытай цырымоніі ў канцы 2016 года.