Прысуды васьмі абвінавачаным у «балотнай справе»
У Замаскварэцкім судзе Масквы абвешчаныя прысуды васьмі абвінавачаным па «балотнай справе».

Як паведаміў з залі суду карэспандэнт Радыё Свабода, Аляксандру Духаніну асудзілі на тры гады і тры месяцы пакарання ўмоўна, Андрэй Барабанаў атрымаў тры гады і сем месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Сцяпан Зімін, Дзяніс Луцкевіч і Аляксей Паліховіч — тры з паловай гады пазбаўлення волі,Арцём Савельеў — два гады і сем месяцаў, Яраслаў Белавусаў — два з паловай гады.
Самы вялікі тэрмін — чатыры гады пазбаўлення волі — атрымаў Сяргей Крываў. Усе пакаранні прызначаныя з улікам тэрмінаў, адседжаных у СІЗА.
Прызначаныя пакаранні значна ніжэйшыя за тыя, што прасілі пракуроры. Адвакаты маюць намер абскардзіць прысуды.
У пятніцу суд прызнаў усіх падсудных вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прымяненні сілы ў дачыненні да супрацоўнікаў паліцыі падчас узгодненай з уладамі апазіцыйнай акцыі 6 траўня 2012 года на Балотнай плошчы ў Маскве.
Больш за 200 грамадзянаў, якія прыйшлі да будынку суду падтрымаць абвінавачаных, затрымала паліцыя. Сярод затрыманых — актывіст з Беларусі Максім Вінярскі.