Пуцін: бамбаванне Сірыі — «лепшыя вучэнні», а ва Украіне «людзі, якія вырашаюць пытанні ваеннай сферы»
Кіраўнік Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін заявіў, што аперацыя ВКС РФ, якая праводзіцца ў Сірыі не з'яўляецца дадатковай нагрузкай на федэральны бюджэт, паколькі для фінансавання аперацыі выкарыстоўваюцца сродкі, зарэзерваваныя ў бюджэце для правядзення ваенных вучэнняў на тэрыторыі РФ.
«Трэба ледзь-ледзь дадаць, але гэта неістотна для бюджэту», — сказаў Пуцін.
Ён прызнаў, што «лепшых вучэнняў» для ВКС РФ, чым бамбардзіроўкі Сірыі, «не прыдумаць», паведамляе АФН.
«У прынцыпе, мы можам доўга там трэніравацца без істотнага павелічэння бюджэту», — сказаў Пуцін.
Што тычыцца Усходу Украіны, то кіраўнік Расіі ў чарговы раз заявіў, што ў Данбасе няма і не было рэгулярных расійскіх войскаў. «Мы ніколі не казалі, што там няма людзей, якія займаюцца там рашэннем пэўных пытанняў у ваеннай сферы, але гэта не значыць, што там прысутнічаюць рэгулярныя расійскія войскі, адчуйце розніцу», — цытуе Пуціна BBC.
Затрыманых жа на Усходзе Украіны трэба мяняць па прынцыпе «ўсіх на ўсіх», заявіў Пуцін падчас штогадовай вялікай прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне ўкраінскага журналіста.
Трэба вызваляць людзей, якія ўтрымліваюцца як з аднаго боку, так і з другога боку. Але абмен павінен быць раўнацэнным, трэба мяняць ўсіх на ўсіх, як і прапаноўваў ўкраінскі прэзідэнт Парашэнка, растлумачыў Пуцін.