Пуцін прызнаў «Наваросію»

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў пра поспехі баевікоў у вайне на Данбасе і звярнуўся да іх з заклікам адкрыць гуманітарны калідор для ўкраінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў атачэнне.



pucin_kalidor.jpg

«Відавочна, што апалчэнне дасягнула сур’ёзных поспехаў у спыненні сілавой аперацыі Кіева, якая нясе смяротную небяспеку для насельніцтва Данбаса і ўжо прывяла да велізарных ахвяр сярод мірных жыхароў», — перадае словы Пуціна прэсавая служба Крамля.
Паводле слоў Пуціна, вялікая колькасць украінскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у ваеннай аперацыі «не па сваёй волі, а выконваючы загад», трапіла ў атачэнне.
«Я заклікаю сілы апалчэння адкрыць гуманітарны калідор для ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў атачэнні, для таго, каб пазбегнуць недарэчных ахвяраў, даць ім магчымасць бесперашкодна выйсці з раёна баявых дзеянняў, уз'яднацца са сваімі сем’ямі, вярнуць іх маці, жонкам і дзецям, тэрмінова аказаць медыцынскую дапамогу параненым у выніку ваеннай аперацыі. Расійскі бок, у сваю чаргу, гатовы і будзе аказваць гуманітарную дапамогу насельніцтву Данбаса, якое пакутуе ад гуманітарнай катастрофы», — гаворыцца ў заяве Пуціна.
Раней Украіна, ЗША, НАТО заявілі, што менавіта Расія нясе адказнасць за крызіс ў Данбасе. Украінскія ўлады абвінавачваюць Расію ва ўвядзенні сваіх войскаў у Данбас.
Самаабвешчаная «Данецкая народная рэспубліка», якую Кіеў прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй, ужо адрэагавала на заклік Пуціна. Яе лідэры зазначылі, што гатовыя прадставіць украінскім вайскоўцам гуманітарныя калідоры для выхаду з атачэння пры ўмове іх раззбраення.
Пра гэта заявіў у адказ на ініцыятыву Пуціна так званы «прэм’ер-міністар» «ДНР» Аляксандр Захарчанка.
28 жніўня прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў пра ўварванне расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны. На скліканым экстраным пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны было прынятае рашэнне не ўводзіць ваеннае становішча на паўднёвым усходзе краіны. Парашэнка назваў сітуацыю «складанай, але кантраляванай».
Мінабароны Расіі адмаўляе ўдзел расійскіх вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі ў баявых дзеяннях ва Украіне.
svaboda.org