«Радио Свобода» атрымала ад уладаў Расіі патрабаванне выдаліць дзясяткі публікацыяў

4 лютага і ў ноч на 5 лютага Расійская служба «Радио Свобода» атрымала каля 40 пісьмовых апавяшчэнняў ад «Роскомнадзора» з патрабаваннем выдаліць матэрыялы, напісаныя на аснове расследаванняў выдання «Праект» і каманды апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і Фонду барацьбы з карупцыяй.

radye_svaboda.jpg

У лістах ведамства спасылаецца на патрабаванні Генеральнай пракуратуры, у якіх гаворыцца, што інфармацыйныя матэрыялы арганізацыяў, прызнаных у Расіі непажаданымі і экстрэмісцкімі, павінны быць выдаленыя з публічнай прасторы.
«Роскомнадзор» пагражае блакаваннем сайту «Радио Свобода», калі публікацыі не будуць выдаленыя цягам сутак з моманту атрымання апавяшчэнняў.
У прыватнасці, ідзецца пра публікацыі:

  • Прэзідэнт і яго папялушкі;
  • «Праект»: у СССР праводзіліся выпрабаванні «Навічка» на вайскоўцах;
  • Геолагі і паліттэхнолагі: «Праект» аб структурах Прыгожына на Мадагаскары;
  • Навальны знайшоў у дзяцей прэм’ер-міністра Расіі кватэры за 180 млн рублёў;
  • ФБК Навальнага апублікаваў расследаванне аб «палацы Пуціна».


Падобныя апавяшчэнні накіраваныя і іншым расійскамоўным рэдакцыям медыякарпарацыі «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» — агулам каля 30 лістоў атрымалі тэлеканал «Настоящее время», Украінская, Таджыцкая, Казаская, Татара-Башкірская службы.
Аналагічныя патрабаванні нагляднае ведамства раней на гэтым тыдні прад’явіла тэлеканалу «Дождь», вэбсайту «Медуза» (абодва прызнаныя СМІ-«іншаземнымі агентамі»), радыёстанцыі «Эхо Москвы», сайту Znak.com, «Новой газете» і іншым.
Выданне «Праект» прызнана ў Расіі непажаданай арганізацыяй. Імёны некалькіх журналістаў, якія супрацоўнічалі з «Праектам», уключаны ў рэестр «іншаземных агентаў» — фізічных асобаў.
У жніўні летась Фонд барацьбы з карупцыяй унесены ў спіс экстрэмісцкіх арганізацый. У пачатку чэрвеня 2021 года гэты фонд і рэгіянальныя штабы Аляксея Навальнага былі прызнаныя Маскоўскім гарсудом экстрэмісцкімі.
Расійскія ўлады штрафуюць «Радыё Свабода» і іншыя праекты медыякарпарацыі за невыкананне асобных палажэнняў заканадаўства аб СМІ — «іншаземных агентах». Агульная сума штрафаў перавышае дзесяць мільёнаў долараў. ТАА «РСЭ / РС», якое прадстаўляе інтарэсы медыякарпарацыі ў Расіі, абскардзіла сотні прынятых супраць яго рашэнняў, лічачы абмежавальныя меры «Роскомнадзора» праявамі цэнзуры, аднак апеляцыі нязменна пакідаюцца судамі без задавальнення.
Як неаднаразова заяўлялі кіраўнікі мэдыякарпарацыі, абмежавальныя захады супраць «Радыё Свабода» і іншых яе расійскамоўных праектаў маюць на мэце выштурхоўванне незалежных СМІ з расейскай грамадскай прасторы. «РСЭ / РС» дзейнічае на падставе строгага кодэксу журналісцкіх правілаў і нязменна праводзіць незалежную рэдакцыйную палітыку, якая не дапускае ўмяшання ў яе любых палітычных сілаў.
У траўні 2021 года прадстаўнікі «РСЭ / РС» звярнуліся з пазовам супраць расійскіх уладаў у Еўрапейскі суд правоў чалавека. У чэрвені ЕСПЧ прыняў гэты пазоў да разгляду.