Расія. ФСБ палюе на фрыкаў
Палітолагі Расіі спрабуюць зразумець дзіўныя ўчынкі сваіх сілавікоў.
У канцы ліпеня быў арыштаваны гісторык і пісьменнік Аляксей Мяняйлаў. Яго разам з жонкай адправілі ў СІЗА за стварэнне секты «Партызанская праўда партызан». Следчыя лічаць, што Мяняйлаў разам са сваімі паслядоўнікамі займаўся экстрэмісцкай дзейнасцю.
Сам жа арыштаваны мае ў грамадстве ўстойлівы імідж фрыка. Дастаткова сказаць, што ён вядзе відэалекцыі на тэмы кшталту «Як зрабіць самой сабе кунілінгус» і стварыў тэорыю пра тое, што Сталін быў вялікім палітыкам, дзякуючы зліццю з шаманам у адзіны арганізм падчас высылкі ў Сібіры.
Пра дзіўны характар хапуна сведчыць і тое, што крымінальную справу распачалі на падставе заявы мужа і жонкі, якія называюць сябе «нашчадкамі Рурыка».
Рэпрэсіямі супраць Мяняйлава чыстка не абмежавалася. Днямі ФСБ узялася за стаматолага Сяргея Тараскіна, які абвясціў сябе прэзідэнтам СССР. Як і Мяняйлава, яго падазраюць у экстрэмізме.
Навошта ўсё гэта чэкістам? Адзіная версія — за кошт арыштаў чэкісты хочуць палепшыць справаздачнасць (такіх, як Мяняйлаў, прасцей хапаць, чым сапраўдных тэрарыстаў). Да таго ж арышты павінны запалохаць абывацеляў, якія падумваюць пра ўдзел у пратэстах супраць пенсійнай рэформы.
Паводле расійскай прэсы