Расія. Паўсюль беларускія шпіёны?
Аказваецца, уся Расія пакрытая сеткай беларускіх шпіёнаў. Пра гэта заявіў журналіст расійскага нацыяналістычнага сайта «Спутник і Погром» Кірыл Авер’янаў-Мінскі.
Праўда, тыя шпіёны — не агенты беларускай разведкі, якіх закінулі ў расійскі тыл. Яны — актывісты кампартыі Зюганава, якія, маўляў, знаходзяцца на службе Мінска. Найперш беларуская «пятая калона» займаецца ў Расіі праслаўленнем лукашэнкаўскай Беларусі як альтэрнатывы пуцінскаму алігархічнаму рэжыму. Таксама шпіёнам даручана місія лабіявання беларускіх эканамічных інтарэсаў. «Яны ўпарта тут, у Маскве, Лукашэнку дапамагаюць. Ва ўсіх нафтагазавых канфліктах яны ўстаюць на бок Лукашэнкі», — скардзіцца Кірыл Авер’янаў-Мінскі.
Ён таксама лічыць, што павуціннем беларускай агентуры аблытаныя не толькі структуры кампартыі, а нават і расійская вертыкаль. Лукашэнка, паводле Авер’янава, мае сваіх агентаў таксама ў МЗС РФ і ў органах Саюзнай дзяржавы, што дазваляе спыняць любую дзейнасць Расіі ў Беларусі.
Цяжка сказаць, наколькі Авер’янаў-Мінскі валодае інфармацыяй. У любым выпадку, яго заявы сведчаць, што беларуска-расійскія адносіны — далёка не радасныя.
Паводле расійскай прэсы